Міністэрства аховы здароўя выдаліла свой допіс з фразай пра бескантрольнае распаўсюджванне каронавіруса
- 23.03.2020, 19:27
Спрацавала цэнзура?
Сёння, 23 сакавіка, Міністэрства аховы здароўя зрабіла допіс у сваім Telegram-канале пра тое, што беларускія медыкі далучыліся да сусветнага флэшмобу #StayAtHome.
Як піша Telegram-канал «Беларусь галаўнога мозгу», у ім гаварылася:
«Беларускія лекары просяць не грэбаваць санітарна-эпідэмічнымі нормамі і, па магчымасці, сацыяльным дыстанцыяваннем. Такія захады ў комплексе з працай санітарна-эпідэміялагічнай службы (па выяўленні і ізаляцыі ўсіх магчымых кантактаў) здольныя забяспечыць эфектыўную абарону ад некантралюемага распаўсюджвання віруса...».
Допіс быў апублікаваны а 15:22, але вельмі хутка знік. А 15:23 з'явіўся зноў у адрэдагаванай версіі, без фразы пра некантралюемы распаўсюд віруса. Цяпер ён заканчваецца так:
«Беларускія лекары і эпідэміёлагі просяць не грэбаваць санітарна-эпідэмічная нормамі і, па магчымасці, сацыяльным дыстанцыяваннем».