Краіны ЕЗ папярэдне пагадзіліся на перамовы аб уступленні Албаніі і Паўночнай Македоніі ў звяз
- 23.03.2020, 21:37
Гэта сапраўдны прарыў.
ЕЗ пагодзіцца пачаць перамовы аб уступленні ў звяз Албаніі і Паўночнай Македоніі - адпаведнае першапачатковае рашэнне падрыхтаванае амбасадарамі 27 дзяржаў-сябраў ЕЗ у Брусэлі. Гэта прарыў, таму што дагэтуль рух насустрач названым кандыдатам у сябры ЕЗ блакавалі, між іншым, Францыя і Нідэрланды, піша сайт «Польского радио».
24 сакавіка міністры еўрапейскіх спраў краін ЕЗ прымуць палітычную пастанову аб уваходжанні ў звяз Албаніі і Паўночнай Македоніі.
У пачатку сакавіка ў справаздачы аб Албаніі і Паўночнай Македоніі Еўрапейская камісія адзначала прагрэс у ажыццяўленні рэформы правасуддзя ў гэтых краінах на падставе звестак аб барацьбе з карупцыяй і арганізаванай злачыннасцю, уключаючы незаконны абарот наркотыкаў.
Францыя настойвала на выразным указанні на магчымасць адмены працэсу далучэння гэтых краін да ЕЗ у выпадку з'яўлення адпаведных абставін.
Да выходных Грэцыя, якая ўсё яшчэ пярэчыла супраць прыняцця Албаніі і Паўночнай Македоніі ў ЕЗ, пагадзілася пасля таго, як былі ўзмоцнены палажэнні, якія тычацца абароны нацыянальных меншасцяў у Албаніі.
Польшча з'яўляецца актыўным прыхільнікам прыняцця Албаніі і Паўночнай Македоніі ў склад ЕЗ.