BE RU EN

Лукашэнка псіхічна хворы і чыніць злачынства

  • Дзмітрый Шчыгельскі
  • 24.03.2020, 9:11

У Беларусі надыходзіць момант праўды.

Псіхіятр Дзмітрый Шчыгельскі, які ў 2001 годзе апісаў «мазаічную псіхапатыю» Аляксандра Лукашэнкі, выступіў з адкрытым зваротам на сваёй старонцы ў «Фэйсбуку»:

«Блізу дваццаці гадоў таму я звярнуўся да грамадзян рэспублікі Беларусь з сцвярджэннем: «Лукашэнка А.Г. на сваёй пасадзе нясе непасрэдную небяспеку для ўсіх яе грамадзян, а таксама для грамадзян суседніх дзяржаў праз стан ягонай псіхікі».

Гэта не было перабольшаннем, публіцыстыкай або сродкам палітычнай барацьбы. Гэта была канстатацыя медыцынскага факту. З часам стала відавочным для ўсіх, што ўлада і яе атрыбуты важнейшыя і каштоўнейшыя для Лукашэнкі, чым нават ягонае ўласнае жыццё. Жыццё ж паслугачоў наогул не мае для яго ніякага кошту.

Цяпер краіна стаіць перад пагрозай пандэміі новага віруса COVID-19. Рэакцыя гр. Лукашэнкі: «Я каранавірус гэты называю няйначай як псіхозам, і ад гэтага ніколі не адмоўлюся, бо разам з вамі перажыў шматлікія ўжо псіхозы, і мы ведаем, да чаго гэта прыводзіла». Гэта, як і іншыя яго публічныя выказванні, кажуць, што ён канчаткова страціў здольнасць ўспрымаць і крытычна ацэньваць інфармацыю.

Не трэба мець спецыяльнай адукацыі, каб бачыць, што гр. Лукашэнка не ў стане рэалістычна ацэньваць сітуацыю і небяспеку для насельніцтва краіны. Не з’яўляючыся эпідэміёлагам, інфекцыяністам або вірусолагам, я не магу казаць пра тое, якія менавіта супрацьэпідэмічныя мерапрыемствы, у якім аб'ёме і ў якія тэрміны трэба праводзіць у Беларусі. У нашай краіне дастаткова дасведчаных спецыялістаў, якія, знаходзячыся на месцы і валодаючы неабходнай інфармацыяй, могуць адказаць на гэтыя пытанні. Праблема не ў адсутнасці неабходных спецыялістаў або кампетэнцыі ў іх, а ў пазіцыі правадыра, які не ў стане прызнаць свае памылкі і працягвае адмаўляць само існаванне праблемы. Будучыня значнай часткі насельніцтва Беларусі знаходзіцца ў залежнасці ад яго псіхапаталагічных комплексаў.

Я звяртаюся да прэм'ер-міністра Рэспублікі Беларусь і ўсіх чальцоў кабінета міністраў. Хоць вы ўсе - вынік 25-гадовай селекцыі, закліканай не дапусціць з'яўлення ў краіне іншага палітыка, акрамя Лукашэнкі, але ў вас ёсць сваякі, у тым ліку ў сталым узросце. Таму для вас, як і для ўсяго народа нашай краіны, надыходзіць момант праўды: альбо вы знойдзеце ў сабе мужнасць прызнаць грамадзяніна Лукашэнка А.Р. страціўшым здольнасць выконваць абавязкі кіраўніка ў сувязі з няздольнасцю з прычыны стана здароўя, альбо станеце суўдзельнікамі экспэрыменту над насельніцтвам рэспублікі Беларусь. У нас з вамі адна краіна і адзін народ, і таму перад тварам усеагульнай пагрозы нам варта забыцца пра палітычныя супярэчнасці і старыя крыўды. Магчыма, што гэта ваш апошні шанец вызначыцца, на чыім вы баку: народа ці дыктатара.

Беларусы - талерантныя людзі, але ў іх доўгая памяць. Калі вы і ў гэтай сітуацыі зробіце выгляд, што нічога не адбываецца, і дазволіце сітуацыі развівацца паводле італьянскага сцэнару, народ вам гэтага не забудзе і не даруе. Ніхто ў свеце сёння не мае выразных і адназначных адказаў, якія захады з'яўляюцца неабходнымі, а якія залішнімі. Аднак ва ўсіх краінах і ў міжнародных арганізацыях ёсць разуменне таго, што пандэмія нясе небяспеку, і з ёй трэба змагацца. Ігнараванне праблемы або адмова ад патрэбных захадаў у барацьбе з пандэміяй - гэта не проста баязлівасць або памылка, гэта злачынства».

Апошнія навіны