Беларускія нафтавікі затрымаліся на заробках у Расеі
- 24.03.2020, 17:32
Замест 30 дзён вахты беларусы прабудуць на поўначы Расеі больш за 60.
Больш за 1600 беларускіх нафтавікоў засталіся на падоўжаную вахту на поўначы Расеі ў сувязі з закрыццём мяжы. Вярнуцца на радзіму беларусы разлічваюць у траўні, але ў выпадку, калі расейцы ўтаймуюць пандэмію каранавірусу, паведамляе «Радыё Свабода».
Тым часам кіраўніцтва Ямала-Ненецкай аўтаномнай акругі, дзе працуюць беларускія нафтавікі, рэкамендавала нафтасервісным падрадчыкам рэгіёну ўстрымацца ад змены вахты, каб засцерагчы краіну ад эпідэміі.
Замест 30 дзён вахты беларусы прабудуць на поўначы Расеі больш за 60
На Ямале здабывае нафту вытворчае аб'яднанне «Беларуснафта», якое ўважаецца за аднаго з найбуйнейшых тамтэйшых працадаўцаў. 1600 работнікаў кампаніі - беларускія вахтавікі. Іх звычайная працоўная змена - 30 дзён. Затым нафтавікоў змяняе новая вахта. Закрыццё Расеяй мяжы праз эпідэмію каранавірусу змяніла звыклы парадак работы. Цяпер яны прабудуць на нафтаздабычы больш за 60 дзён.
Партал Neft.by, які выдае «Беларуснафта», паведамляе: «людзі з разуменнем паставіліся да такога становішча і наважылі падоўжыць вахту да 1 траўня».
«Адміністрацыя паўночных прадпрыемстваў, галоўнага офіса кампаніі ў Гомелі, а таксама прафсаюзы, кадравыя службы распрацоўваюць праграму падтрымкі нафтавікоў на вахце і вольных ад яе», - гаворыцца ў публікацыі, прысвечанай «часовым абмежаванням на перамяшчэнне праз расейскую мяжу».
Прэс-сакратарка вытворчага аб'яднання «Беларуснафта» Вольга Халадовіч адмовілася каментаваць сітуацыю «Свабодзе», спаслаўшыся на згаданы вышэй партал.
Нафтавік: «Спадзяемся, што выплацяць заробленае. Пра даплату не гавораць»
Жыхар Гомельшчыны Сяргей здабывае на Ямале нафту з 2017 года. Ягоная вахта фармальна скончылася і ён павінен быў ужо быць на радзіме, але застанецца на расейскай поўначы яшчэ прынамсі на паўтара месяца. Ён кажа, што ў Расеі праблемы з пандэміяй каранавірусу толькі пачаліся і наўрад ці з ёй справяцца цягам красавіка. Сяргей думае, што мяжа застанецца закрытай і ў траўні.
«Нам сказалі, што трэба затрымацца і што сваю вахту трэба разглядаць як падоўжаную, - распавядае суразмоўца аб сітуацыі. - Калектыў такую навіну ўспрыняў спакойна. Гаворкі пра даплату за перапрацоўку пакуль няма».
«Нам хочацца верыць, што эпідэміі ў Беларусі няма»
Сяргей мае двое дзяцей. Ён прызнаецца, што доўгае расставанне з сям'ёй «маральна гняце». Як жыве радзіма, нафтавікі сочаць праз інтэрнэт. Часцей тэлефануюць родным. Панікі няма, але нервовасць прысутнічае.
«Нам усім хочацца верыць запэўненням улады, што эпідэміі ў Беларусі няма», - кажа Сяргей.
Са слоў суразмоўцы, у «Беларуснафта-Сібіры» 95% работнікаў-беларусы. Агулам шараговы нафтавік зарабляе за вахту да 2 тысяч даляраў. У Сяргея выходзіць крыху больш за тысячу. З іх 150 ідзе на ягоныя патрэбы. Астатнія вязе сям'і. Ён кажа, што жывуць нафтавікі ў інтэрнатах і вагончыках. Дарогу ад дома да месца працы аплачвае наймальнік.
«За грошы, якія плацяць нам, расейцы не вельмі хочуць працаваць, - кажа Сяргей, - а беларусу на радзіме зарабіць тысячу даляраў няма дзе».
З ягоных слоў, тую змену, якая засталася на радзіме, адправілі ў адпачынак.
Акрамя беларускай кампаніі на Ямале здабывае нафту і расейскія «Раснафта» і «Газпром». Заробкі ў расейцаў такія ж, як у беларусаў, кажа Сяргей.