BelToll мяняе правілы аплаты за карыстанне беларускімі дарогамі
- 24.03.2020, 20:07
Праезд па платных дарогах можна будзе аплаціць электроннай віньеткай.
У Беларусі з'явіцца магчымасць аплачваць карыстанне платнымі дарогамі за пэўны перыяд часу. Гэта прадугледжана ўказам №108, які 24 сакавіка падпісаў Лукашэнка, паведамляе БелТА.
Дакумент прыняты ў мэтах удасканалення работы сістэмы электроннага збору платы за праезд транспартных сродкаў па платных аўтамабільных дарогах.
Згодна з указам, з 15 снежня 2020 года ва ўладальнікаў транспартных сродкаў з тэхнічна дапушчальнай агульнай масай не больш за 3,5 т з'явіцца магчымасць аплаціць праезд па платных дарогах за пэўны перыяд. Цяпер плата спаганяецца з разліку пройдзенага кіламетражу.
Для аплаты за перыяд часу трэба будзе набыць электронную віньетку. Купіць яе можна будзе як у любым пункце абслугоўвання BelToll, так і аддалена на афіцыйным сайце аператара сістэмы электроннага збору платы за праезд www.beltoll.by.
Указам таксама прадугледжаная магчымасць унясення платы паводле разавага тарыфу ў выпадку неаплаты або няпоўнай аплаты праезду па платнай аўтамабільнай дарозе на працягу двух гадзін з моманту фіксацыі парушэння. Пры гэтым аплата праезду па разаваму тарыфу выключае спагнанне платы за праезд у павялічанай суме.