З 1 красавіка ў Беларусі значна падаражэюць цыгарэты
- 25.03.2020, 9:21
На тытунёвы рынак краіны выйшаў новы гулец.
З 1 красавіка вырастуць кошты некаторых марак цыгарэт. Аб гэтым паведамляецца на сайце Міністэрства падаткаў і збораў. Падвысіць кошт цыгарэт Гарадзенская тытунёвая фабрыка «Нёман», «Тытунь-інвест» і «Беларусьгандаль».
З 1 красавіка падыме кошт сваёй прадукцыі Гарадзенская тытунёвая фабрыка «Нёман». Да прыкладу, кошт цыгарэт portal ONE, Matrix BLUE вырасце да 1,28 рубля (+8 капеек), NZ breeze - да 2 рублёў (+8 капеек).
Вырастуць таксама кошты некаторых цыгарэт кампаніі «Тытунь-інвест». Да прыкладу, Sobranie Refine Evolve падаражэе да 3,4 рубля (+5 капеек), Winston XS Sparkling Mix, Winston XS Blue - да 3,05 рубля (+10 капеек), Camel Compact Аctivate Multi Mix
- да 2,55 рубля (+10 капеек), Карона - да 1,3 рубля (+2 капейкі).
Падаражаюць таксама асобныя маркі цыгарэт, якія ўвозіць у краіну кампанія «Беларусьгандаль». Да прыкладу, Rothmans Demi Mix і Rothmans Demi Mix 3 in 1 падаражэюць да 2,57 рубля (+7 капеек), ROTHMANS DEMI BLUE і ROTHMANS DEMI SILVER - да 2,5 рубля (+20 капеек), AROMA RICH HIGHLAND SUPERSLIMS - да 3,9 рубля (+15 капеек), Davidoff Refine White, Davidoff Refine Black - да 3 рублёў (+10 капеек).
Кампаніі «Інтэр Табака» і «Энэрга-ОІЛ» з 1 красавіка не будуць павышаць кошт цыгарэт.
Нагадаем, на тытунёвы рынак з 1 лютага выйшаў новы гулец - кампанія «Інтэр Табака» бізнэсоўца Аляксея Алексіна. Раней гэтай кампаніі дазволілі імпартаваць у Беларусь цыгарэты L & M, Parliament, Marlboro, а таксама арганізаваць вытворчасць тытунёвых вырабаў на тэрыторыі прамысловай зоны Шабаны.
Раней імпартам цыгарэт займалася кампанія «Беларусьгандаль» Кіраўніцтва спраў Лукашэнкі. А ў чэрвені 2018 года на тытунёвы рынак выйшла кампанія «Энэрга-ОІЛ».
У снежні 2017 года Лукашэнка даў дазвол Аляксею Алексіну на стварэнне адзінай тавараправоднай сеткі ў тытунёвай сферы. Кіёскі «Табакерка» цяпер з'яўляюцца ў многіх рэгіёнах Беларусі.
Адзначым, што ў тэксце пададзены не ўвесь спіс цыгарэт, якія падаражэюць з 1 красавіка. З поўным пералікам можна азнаёміцца на сайце МПЗ.