BE RU EN

Данія - лідар у свеце ў абароне правоў і свабод грамадзян

  • 25.03.2020, 12:16

Беларусь займае толькі 68 месца з 128.

Данія заняла першае месца сусветнага рэйтынгу «Індэкс правапарадку». Тройка лідараў засталася нязменнай з мінулага года: другое месца займае Нарвэгія, а трэцяе - Фінляндыя.

У першую дзясятку з краін Еўразвязу таксама ўвайшлі Швэцыя (на 4-м месцы), Нідэрланды (на 5-м), Нямеччына (на 6-м), Аўстрыя (на 8-м) і Эстонія (на 10-м).

Беларусь займае толькі 68 месца з 128. Наша краіна пагоршыла сваё становішча ў рэйтынгу ў параўнанні з 2019 годам. Тады яна была 67-й.

Між тым, сітуацыя з правамі і свабодамі людзей у свеце пагаршаецца апошнія 5 гадоў, паведамляюць складальнікі рэйтынгу. Больш за ўсё пакутуюць фундаментальныя правы чалавека (напрыклад, свабода сходаў і адсутнасць дыскрымінацыі), сістэма стрымак і проціваг ва ўрадах і адсутнасць карупцыі. Тым не менш, грамадзянскае судаводства ў свеце стала больш даступным і справядлівым, а правапрымяняльная практыка - больш празрыстай.

Рэйтынг прававых сістэм свету штогод складае міжнародная арганізацыя ў галіне грамадзянскага права World Justice Project. Ацэнка адбываецца паводле васьмі кірункаў: сістэма стрымак і проціваг у дзяржаўнай уладзе, узровень карупцыі, адкрытасць урада, забеспячэнне фундаментальных правоў грамадзян, правапарадак і бяспека, правапрымяняльная практыка, адміністрацыйнае і крымінальнае судаводства. Высновы аб кожнай краіне заснаваныя на выніках іншых даследаванняў (у гэтым годзе іх было больш за 130 тысяч) і апытаннях меркаванняў экспэртаў.

Апошнія навіны