«Адзін пацыент нават апусціўся перада мной на калені, каб я прыняў яго»
- 25.03.2020, 15:03
Як медыкі сёння ратуюць свет.
У іх ёсць сем'і, дзеці, мужы, жонкі, бацькі, але яны дні напралёт праводзяць на працы. Тысячы лекараў у розных краінах з пачатку пандэміі зазнаюць смяротную рызыку дзеля выратавання сваіх пацыентаў, піша tut.by.
У Гішпаніі каранавірусам заразілася амаль 5400 медыцынскіх работнікаў, што складае 13,6% ад агульнай колькасці хворых, паведаміў 24 сакавіка кіраўнік цэнтра барацьбы з надзвычайнымі сітуацыямі ў галіне аховы здароўя Фернанда Сімон.
У Італіі, дзе колькасць смерцяў ад COVID-19 б'е ўсе рэкорды, памерлі 14 медработнікаў.
У Кітаі, дзе медыцынскія работнікі першымі сутыкнуліся з невядомым вірусам, памерлі прынамсі 46 з іх.
Прычына такіх выпадкаў - і велізарная вірусная нагрузка на лекараў, і часцяком звычайны недахоп часу, каб змяніць ахоўную адзежу і выконваць усе правілы бяспекі.
«З 7 студзеня, калі паступіў першы пацыент, ніхто не браў адпачынак. Мы працавалі ў аддзяленні рэанімацыі і інтэнсіўнай тэрапіі (АРІТ) па чарзе. Нават цяжарныя медработнікі не бралі выходных. Пасля пагаршэння эпідэмічнай сітуацыі ніхто з медперсаналу нават не сыходзіў дадому. Мы адпачывалі ў гатэлі каля лякарні або ў самым шпіталі», - распавядаў у інтэрв'ю выданню Caixin Globa доктар Пэн Чжыюнэм, загадчык аддзялення неадкладнай медыцынскай дапамогі ў Паўднёвай цэнтральнай лякарні Універсітэта Уханю.
«Вельмі многія пацыенты не маглі быць шпіталізаваныя. Яны крычалі перад шпіталем. Нейкі пацыент нават апусціўся перада мной на калені, каб я прыняў яго. Але я не мог нічога зрабіць, бо ўсе ложкі былі занятыя. Я плакаў, калі адмаўляў ім. Цяпер у мяне скончыліся слёзы. У мяне няма іншых думак, акрамя як зрабіць усё магчымае, каб выратаваць больш жыццяў», - распавядаў доктар Пэн Чжыюнэм.
Ахоўныя ўборы, шчыльна прылеглыя да твару акуляры і маскі. Дванаццацігадзінная змена для лекара і васьмігадзінная - для медыцынскай сястры. Паглядзіце, як выглядаюць медыкі з Італіі, пасля працоўнай змены.
«Гэта толькі некаторыя прыклады вялікіх ахвярапрынашэнняў тых, хто лечыць нас і ратуе нашы жыцці. Калі ласка, зрабіце і сваю частку: вымыйце рукі, прыкрывайце рот падчас кашлю, заставайцеся дома, калі вы сябе адчуваеце не вельмі добра, не насіце маску, калі вы здаровыя», - напісаў у Twitter пад гэтым фота сваіх калегаў кіраўнік СААЗ Тэдрас Гебрэесус.
І, так, па магчымасці заставайцеся, калі ласка, дома, пакуль яны працуюць і рызыкуюць сваімі жыццямі дзеля нас.