КХЛ датэрмінова скончыла сезон-2019/20 праз каранавірус
- 25.03.2020, 17:28
Прадаўжэнне чэмпіянату ў летні перыяд вельмі негатыўна адбілася б на наступным сезоне.
КХЛ датэрмінова скончыла сезон-2019/20 праз каранавірус, піша «Прессбол».
«У сувязі з негатыўным развіццём эпідэміялагічнай сітуацыі COVID-19 у свеце Лігай прынятая пастанова аб скасаванні пакінутай часткі сезона-2019/20.
Пастанова прынятая пасля кансультацый з усімі зацікаўленымі бакамі і прадыктаваная бяспекай здароўя гульцоў, заўзятараў, супрацоўнікаў клубаў і ўсіх, хто ўдзельнічае ў арганізацыі і правядзенні матчаў КХЛ.
Лігай было распрацаванае мноства сцэнараў далейшага развіцця падзей: ад дагульвання чэмпіянату ў тэрмін да 30 красавіка 2020 года да прадаўжэння яго ў чэрвені і ліпені. Аднак на гэты момант выкананне гэтых сцэнараў уяўляецца малаімаверным.
Некалькі клубаў былі вымушаныя заявіць пра адмову ад далейшага ўдзелу ў плэй-оф. Акрамя таго, узніклі б складанасці з вяртаннем замежных гульцоў на тэрыторыю Расеі. Усё гэта пазбавіла б турнір спартовай прывабнасці. Правядзенне плэй-оф без каманд, якія здабылі права змагацца за Кубак Гагарына, было б парушэннем спартовага прынцыпу.
Прадаўжэнне чэмпіянату ў летні перыяд вельмі негатыўна адбілася б на наступным сезоне. Пры такім сцэнары клубам неабходна цалкам мяняць прывычныя тэрміны летніх адпачынкаў і перадсезоннай падрыхтоўкі, а КХЛ вымушаная была б зрушваць тэрміны трансферных вокнаў, пераносіць пачатак сезону на крытычна познюю дату, а таксама скарачаць колькасць гульняў у чэмпіянаце. Больш за тое, 18 клубаў Лігі ўжо скончылі ўдзел у чэмпіянаце і пачалі планамерную падрыхтоўку да сезону 2020/2021.
Пастанова аб размеркаванні месцаў паводле вынікаў чэмпіянату 2019/20 будзе прынятая на адным з найбліжэйшых пасяджэнняў Рады Дырэктараў КХЛ. Таксама Рада Дырэктараў вызначыць склад удзельнікаў чэмпіянату-2020/21 пасля чаго Ліга распачне падрыхтоўку календара».