У Беларусі затрыманы галоўны рэдактар «Ежедневника» Сяргей Сацук
- 25.03.2020, 19:43
Ён знаходзіцца ў Дэпартаменце фінансавых расследаванняў КДК.
Затрыманы галоўны рэдактар дзелавога інтэрнэт-выдання «Ежедневник» Сяргей Сацук.
«Мне патэлефанавала яго жонка даслоўна праз пяць хвілін пасля яго затрымання, - паведаміў БелаПАН яго брат Аляксандр Сацук. - cказаў, што яны паехалі ў будаўнічую краму ў Сціклева (вёска Вялікае Сціклева Менскага раёна, недалёка ад сталічнай вуліцы Ангарскай. - заўв.). На стаянцы яны там спыніліся, выйшлі з аўто. Падышлі двое ў цывільным, падалі пасведчанні Камітэта дзяржкантролю і запіхнулі яго ў аўто. Нічога не сказалі - за што, на які тэрмін, чаму».
Дачка Сяргея Сацука паведаміла БелаПАН, што ён знаходзіцца ў Дэпартаменце фінансавых расследаванняў КДК на вуліцы Кальварыйскай у Менску, паведамляе naviny.by.
У цэнтральным апараце ДФР КДК сваякам адмовіліся паведаміць праз тэлефон якую-небудзь інфармацыю, звязаную з затрыманнем Сацука.
Дачка таксама паведаміла, што, паводле яе інфармацыі, у бацькі няма дамовы з адвакатам.
Сяргей Сацук вядомы сваімі расследаваннямі пра пастаўку ў Беларусь незарэгістраванай вакцыны «Эупента». Ён працаваў у БДГ, а затым заснаваў і ўзначаліў дзелавы партал EJ.by.