У Менску і яшчэ 34 месцах Беларусі абноўленыя тэмпературныя рэкорды
- 29.03.2020, 11:10
Цяплей за ўсё ў суботу было ў раёне метэастанцыі «Палеская» на ўсходзе Берасцейскай вобласці.
У Менску і яшчэ на 34 метэастанцыях усіх абласцей, уключаючы Віцебск, Гомель і Магілёў, 28 сакавіка абноўленыя тэмпературныя рэкорды дня за ўвесь перыяд метэаназіранняў, сведчыць праведзены БелаПАН параўнальны аналіз аператыўных і архіўных звестак Белгідрамета на рэсурсе надвор’я meteoinfo.by.
У сталіцы на 1,5 градуса перакрыты максімум 2007 (16,4 супраць 14,9 градуса). У Віцебску паветра прагрэлася да 16,9 градуса (было 16,1 таксама ў 2007 годзе), у Гомелі і Магілёве – да 18 (адпаведна 17,6 у 1983-м і 15,3 у 2007-м).
Цяплей за ўсё ў суботу было ў раёне метэастанцыі "Палеская" на ўсходзе Берасцейскай вобласці – 18,5 градуса вышэй за нуль (ранейшы лакальны рэкорд – 18 градусаў 38 гадоў таму). 18,3 градуса адзначана ў Пінску (17,4 таксама ў 1982 годзе), 18,2 – у Беразіно (15,9 у 2007-м) і Жыткавічах (16,6 у 1982-м).
У той самы час рэкорд дня для ўсёй краіны ўстояў: 117 гадоў таму ў Мар'інай Горцы было 20,4 градуса цяпла.
З 35 перакрытых экстрэмумаў 17 адносяцца да 2007 года, восем – да 1982-га, пяць – да 1983-га, таксама адзін – да 1977-га (Брагін, 16,7 супраць 16,4), 1999-га, 2012-га , 2014-га і 2015-га. Яшчэ ў трох гарадах рэкорды паўтораныя. У іх ліку Гародня (17 градусаў у 1973 годзе).
Усяго з пачатку сакавіка абноўленыя 109 тэмпературных максімумаў і ніводнага мінімуму. З 28 дзён месяца з рэкордамі было 12 (1–5, 7, 8, 16, 18, 19, 27 і 28 сакавіка).
Як паведаміў Белгідрамет, 29 сакавіка пачнецца істотнае пахаладанне.