Лукашэнка зноў не дамовіўся з Пуціным пра нафту?
- 29.03.2020, 11:29
Складваецца ўражанне, што афіцыйны Менск блефуе.
Улады Беларусі гучна абвесцілі пра дасягненне нафтавых дамоўленасцяў з Расеяй. Пастаўкам быць, кажуць у Менску. Гучыць аптымістычна, тым больш, кошт расейскай нафты для Беларусі цяпер на ўзроўні $16 за бараль. Але ва ўсёй гэтай бочцы мёду ёсць і лыжка дзёгцю, паведамляе «Белсат».
Расейская нафта каштуе ўжо танней за ваду ў бутэльках. На фоне гэтай інфармацыі словы Лукашэнкі пра аднаўленне расейскіх паставак у Беларусь на першы погляд выглядалі нібыта праўдзіва. Але ад рэакцыі расейскіх чыноўнікаў складваецца ўражанне, што афіцыйны Менск блефуе.
Сітуацыю каментуе палітолаг Валерыя Касцюгова: «Да гэтага часу невядома, ці пагадзіліся расейцы на нейкія ўмовы. Намеснік міністра фінансаў Расеі абвесціў, што той варыянт, які агучыў прэм'ер Беларусі, з кампенсацыяй прэміі міжбюджэтным трансферам, не разглядаецца. Так што яснасці з гэтым пытаннем няма».
Пры такім несупадзенні заяваў прыходзяць у галаву тры варыянты. Першы: беларускія ўлады выдаюць фантазіі за рэальнасць. Другі: гэта свядомы інфармацыйны шантаж. Трэці, найменш праўдападобны: расейскі высокапастаўлены чыноўнік не ведае, што ягоная ўстанова будзе кампенсаваць беларускаму боку пэўныя страты. Спадзявацца на апошні варыянт даволі наіўна. Бюджэт нашай усходняй суседкі разлічвалі зыходзячы з коштаў нафты на ўзроўні $ 42,4, цяпер гэты лік у два разы ніжэйшы.
Ігар Юшкоў, вядучы аналітык Фонду нацыянальнай энэргетычнай бяспекі (Расея), з інтэрв'ю для «Еўразія Эксперт» заявіў: «Цяпер расейскі бюджэт дэфіцытны, выпалыя прыбыткі будуць папаўняцца з Фонду нацыянальнага дабрабыту. Дадатковых грошай, каб даваць кампенсацыі падатковага манеўру ці яшчэ нешта кампенсаваць Беларусі, няма».
Яшчэ два тыдні таму беларускі прэм'ер-міністр Сяргей Румас звязваў падзенне сусветных коштаў нафты з больш дамоваздольнай Масквой, так бы мовіць, рыхтаваў публічную думку да «прарыву на перамовах».
Але нават калі ўявіць сабе, што пасля чатырох месяцаў у сутнасці нафтавай блакады беларускія нафтаперапрацоўчыя заводы змогуць вярнуцца да працы з поўнай загрузкай, адкаркоўваць шампанскае іх кіраўніцтву рана. Бо ўслед за падзеннем коштаў на вуглевадароды ў крутое піке адправіліся і аптовыя кошты на нафтапрадукты, якія Беларусь экспартавала ў значных аб'ёмах. Да таго ж за чатыры месяцы адсутнасці на сваіх традыцыйных рынках, беларускую дзель занялі іншыя пастаўшчыкі. А эпідэмія каранавірусу паменшыла сусветную патрэбу ў паліве. Лёгка зарабіць на нафце, якая цяпер таннейшая за ваду, не атрымаецца.
«На еўрапейскім рынку нафтапаставак адбываюцца сур'ёзныя змены, а яшчэ больш сур'ёзныя наперадзе. Таму нельга дакладна вызначыць, што адбудзецца. Адзінае, што можна з упэўненасцю сказаць, – канкурэнцыя павялічыцца», – сцвярджае Валерыя Касцюгова.
Але галоўнае пытанне, якое паўстае пасля анонсу ўладаў Беларусі пра аднаўленне паставак з Расеі, – што будзе з дыверсіфікацыяй, пра неабходнасць якой гадамі паўтараюць эксперты
Калі гульня з альтэрнатыўнымі пастаўкамі – толькі блеф, накіраваны ў бок Расеі, то суседнія краіны, з якімі ішлі размовы пра альтэрнатыўную лагістыку, могуць надоўга запомніць гэты несяброўскі крок.
Якой вялікай ні была б спакуса ўладаў вярнуцца на 100% паставак з Расеі, у стратэгічным плане гэта азначае чарговы раз наступіць на тыя самыя граблі.