BE RU EN

«Сказалі: спусціцеся з нябёсаў – і запатрабавалі падпісаць з уласнага жадання»

  • 29.03.2020, 11:51

Як у Беларусі звальняюць з працы за пяць хвілінаў.

Зусім нядаўна СМІ расказвалі пра тое, што ў выніку эканамічных складанасцяў у Беларусі могуць пачацца звальненні, і вось стала паступаць інфармацыя пра некаторыя такія выпадкі. У рэдакцыю onliner.by звярнуўся мэнэджар адной з буйных беларускіх кампаній, які зусім нечакана атрымаў статус «былы» і апынуўся на вуліцы за некалькі гадзінаў.

Паслухайце гісторыю вельмі непрыгожага звальнення, яна можа стаць паказальнай і шмат гаворыць, як хутка ў перыяд крызісу працадаўца можа з кампаніі, якая старанна клапоціцца пра свой імідж, стаць прадпрыемствам, якое развязвае надзённыя праблемы любым коштам:

«На апошняе месца працы я ўладкоўваўся блізу месяца. Прайшоў паэтапна тры сумоўі, кожнага з іх трэба было чакаць тыдзень, і ў выніку мяне ўзялі на пасаду мэнэджара ў працы з ключавымі кліентамі.

Я прапрацаваў год і два месяцы, у пачатку гэтага года са мной прадоўжылі кантракт на год, выдалі падзячны ліст ад кампаніі, выплацілі дадатковыя бонусы за добрую працу. Апошнюю прэмію я атрымаў 17 сакавіка.

У пятніцу, 27 сакавіка, я прыйшоў з раніцы на працу, мяне паклікалі да сябе ў кабінет два кіраўнікі, і ўжо праз 5 хвілінаў я быў звольнены. Мне сказалі, што ў сувязі з цяжкай сітуацыяй у краіне прынятая пастанова пра скарачэнне. Калі я паспрабаваў удакладніць, што адбываецца, адказалі: «Гэта не скарачэнне, мы спрабуем з вамі дамовіцца, каб вы сышлі з уласнага жадання».

Я пытаўся, ці будзе кампенсацыя, мне адказалі, што ніякай кампенсацыі не будзе – у сувязі з сітуацыяй, якая склалася. Мне сказалі: «Спусціцеся з нябёсаў і паглядзіце, што адбываецца ў краіне».

У гэты дзень у маім падраздзяленні кампаніі было звольнена 5 чалавек, за месяц – блізу 20.

Сказаць шчыра, я апынуўся ў цяжкой сітуацыі. У мяне іпатэка, жонка ў дэкрэце і двое маленькіх дзяцей. Уявіце, як сябе адчувае чалавек, яшчэ ўчора працаваў афіцыйна, якога проста ўзялі і выкінулі, як ката на вуліцу. Каб уладкавацца на пасады, якія займаю я, можа спатрэбіцца не менш за месяц.

Заява «з уласнага жадання» ўжо была надрукаваная, усе неабходныя дакументы падрыхтаваныя, засталося толькі паставіць подпіс. Мне агучылі: «Ваш апошні дзень па-любому сёння, няважна, якая пастанова будзе прынятая».

Мяркую, што можна было пагутарыць, растлумачыць, што паўстала складаная сітуацыя, часова адмовіцца ад бонусаў, нават зрэзаць заробак на 40–50%. Сёння, на мой погляд, у кампаніі звальняюць дарагіх супрацоўнікаў, таму што прасцей звольніць высокааплатнага класнага спецыяліста, узяць на ягонае месца чалавека з вуліцы, навучыць за 2-3 тыдні – і ён за капейкі прынясе сякі-такі вынік.

Што можа зрабіць дзяржава, каб абараніць такіх, як я? Неяк уздзейнічаць на такія арганізацыі, папярэдзіць іх, увесці нейкія штрафныя санкцыі, каб яны разумелі, што так рабіць нельга».

Каментар юрыста

Што рабіць у падобнай сітуацыі? Журналісты папрасілі адваката Сяргея Зікрацкага падрыхтаваць кіраўніцтва экстраннага рэагавання, якое можа вам дапамагчы ў падобнай сітуацыі (вельмі спадзяемся, што гэтага не адбудзецца).

Першае. Наймальніку прасцей за ўсё звольніць супрацоўніка на пагадненне бакоў. Але для гэтага трэба, каб было гэта самае пагадненне. Гэта значыць супрацоўнік павінен напісаць заяву пра звальненне. Калі вы не плануеце звальняцца – не пішыце заяву самі.

Так, у наймальніка будуць іншыя магчымасці. Гэта і памяншэнне заробку, і скарачэнне колькасці. Але гэтыя спосабы як мінімум мяркуюць папярэджанні і кампенсацыі.

Другое. Фіксуйце ўсе прапановы, якія вам робіць кіраўнік. Вы можаце запісваць гутаркі з кіраўніком, толькі трэба яго пра гэта папярэдзіць. Калі кіраўнік ведае, што вы запісваеце размову, танальнасць стасункаў у большасці выпадкаў мяняецца.

Трэцяе. Абараняйце свае правы. Наша заканадаўства стварыла спрыяльныя ўмовы для гэтага. Пазовы ад супрацоўнікаў да наймальнікаў не абкладаюцца мытай. А адвакаты абавязаныя бясплатна прадстаўляць інтарэсы супрацоўнікаў у судах першай інстанцыі паводле пададзеных імі пазоваў пра парушэнне працоўных правоў.

Чацвёртае. Не адкладайце абарону сваіх правоў на потым. Закон вызначае вельмі кароткія тэрміны для падачы пазову ў суд. Звярнуцца ў суд вы можаце толькі цягам месяца з моманту атрымання працоўнай кніжкі альбо загаду аб звальненні.

Апошнія навіны