Названая яшчэ адна магчымая прыкмета каранавірусу
- 29.03.2020, 12:47
Медыкі спасылаюцца на вынікі двух апошніх даследаванняў кітайскіх лекараў.
Кан'юктывіт можа быць адной з прыкметаў заражэння каранавіруснай інфекцыяй у некаторых людзей, папярэджвае на сваім сайце Амерыканская акадэмія афтальмалогіі, піша ru.delfi.lt.
Медыкі спасылаюцца на вынікі двух апошніх даследаванняў кітайскіх лекараў.
У ходзе аднаго з іх вірусны кан'юктывіт быў знойдзены ў аднаго з 30 пацыентаў з COVID-19.
Другое даследаванне абвяшчае, што з 1099 пацыентаў з каранавірусам у Кітаі кан'юктывіт выявілі ў дзевяці.
Звесткі былі сабраныя з 30 лякарняў па ўсёй краіне. У сувязі з гэтым амерыканскія афтальмолагі параілі лекарам пры доглядзе за хворымі з падазрэннем на каранавірус насіць не толькі рэспіратар, але і ахоўныя акуляры.
Яшчэ незвычайная прыкмета заражэння каранавірусам, выяўленая навукоўцамі раней, поўная (анасмія) або частковая (гіпасмія) страта нюху. Заражаныя COVID-19 могуць перастаць адчуваць смак ежы і адрозніваць пахі.
Сярэдні інкубацыйны перыяд захворвання складае пяць дзён, пры гэтым сам вірус вельмі жывучы: ён можа знаходзіцца ў дыхальных шляхах чалавека 37 дзён, гэта значыць нашмат больш за два тыдні, якія звычайна цяпер адводзяцца па ўсім свеце на карантын.
Каранавірусы перадаюцца ад чалавека да чалавека паветрана-кропельным шляхам, а таксама могуць распаўсюджвацца, калі інфікаваны чалавек дакранаецца любой паверхні.
Людзі заражаюцца, чапаючы бруднымі рукамі рот, нос або вочы. У паветры COVID-19 жыццяздольны цягам трох гадзінаў, а на розных паверхнях – да трох сутак.
У той самы час няма доказаў перадачы COVID-19 праз ежу і ўпакоўку імпартаваных тавараў. Найбольш распаўсюджаныя сімптомы новага каранавірусу – падвышаная тэмпература, сухі кашаль, дыхавіца, цяжар у грудзях, абцяжаранае дыханне, на ранніх стадыях можа ўзнікаць дыярэя.
COVID-19 таксама можа працякаць бессімптомна.