BE RU EN

У Мурманскай вобласці РФ на два тыдні зачынілі гарады Кіраўск і Апатыты

  • 29.03.2020, 13:30

Пастанова прынятая на ўзроўні губернатара.

У Мурманскай вобласці на два тыдні будзе абмежаваны ўезд у гарады Кіраўск і Апатыты праз пагрозу распаўсюджвання каранавіруснай інфекцыі. Такую пастанову прыняў губернатар Андрэй Чыбіс, паведамляе аператыўны штаб у пытанні эпідэміялагічнай бяспекі Мурманскай вобласці. Пра гэта інфармуе "Мурманскі Веснік". Ці будзе ўведзены карантын, не паведамляецца.

Абмежаванні звязаныя з пагрозай распаўсюджвання каранавіруснай інфекцыі, а таксама з павелічэннем колькасці людзей з папярэдне станоўчым вынікам аналізу на каранавірус у Апатыцка-Кіраўскім раёне.

Акрамя таго, у Апатытах пацверджаны выпадак захворвання на COVID-19. Пацыент кантактаваў з мужчынам, які вярнуўся з Кубы і груба парушыў рэжым самаізаляцыі.

Паводле апошніх звестак на суботу, 28 сакавіка, у Расеі 1264 заражаных. У 62 рэгіёнах Расеі за суткі пацвердзіліся 228 выпадкаў заражэння новай каранавіруснай інфекцыяй COVID-19. Агульная колькасць тых, хто захварэў у краіне, складае 1264, 49 з іх ачунялі і сямёра памерлі.

У суботу стала вядома пра смерць 57-гадовага пацыента з каранавірусам у Арэнбурзе. Напярэдадні лекары расказалі, што ў яго развілася пнеўманія. Ён быў падлучаны да апарата штучнай вентыляцыі лёгкіх. Гэта шосты выпадак смерці пацыента з каранавірусам у Расеі і першы выпадак за межамі Масквы.

У той самы дзень першая смерць ад каранавірусу была зарэгістраваная ў Санкт-Пецярбургу. Хворы памёр у Боткінскай лякарні. Пра гэта паведаміў губернатар горада Аляксандр Бяглоў, яго цытуе "Інтэрфакс". Гэта другая смерць у Расеі за межамі Масквы.

Апошнія навіны