Sohu: Ці стане Расея другім Іранам?
- 29.03.2020, 13:50
Адказ можа быць нечаканым.
Ці можа Расея ў будучыні стаць другім Іранам? Такім пытаннем задаецца кітайскае выданне Sohu (пераклад – inosmi.ru).
Адказ можа быць нечаканым, піша выданне.
Да таго, як Іран быў «абложаны» Захадам, ён быў дзявятай у велічыні эканомікай у свеце і самай багатай краінай на Блізкім Усходзе. Акрамя таго, дзякуючы багаццю прыродных рэсурсаў і велізарным запасам нафты Іран, можна сказаць, валодаў каласальнай сілай. Але праз тое, што з 1979 года Іран ужо 40 гадоў знаходзіцца пад еўрапейскім прыгнётам, сітуацыя ў краіне на сёння даволі цяжкая.
Абнуленне нафтавых прыбыткаў, беднасць і нестабільная сітуацыя ў краіне прыводзяць да таго, што становішча ў Іране гарачае. Краіна знаходзіцца пад рызыкай унутранага краху. Такім чынам, мы можам убачыць сілу заходняга стрымлівання. Цяпер абстаноўка ў Расеі фактычна падобная да сітуацыі ў Іране. Расейская эканоміка знаходзіцца ў сусветным рэйтынгу яшчэ ніжэй, чым эканоміка Ірана ў той час. Насельніцтва Расеі на дзясяткі мільёнаў большае, чым у Іране, і яе існаванне таксама залежыць ад рэсурсаў. Так, калі б Захад трымаў Расею ў аблозе 40 гадоў, стала б яна другім Іранам?
Перш за ўсё, калі Захад цалкам заблакуе Расею, гэта нанясе велізарны ўдар па ёй. Падчас канфліктаў у Грузіі і ва Украіне заходнія санкцыі ў дачыненні да Расеі прывялі да таго, што яе эканоміка за тры гады знізілася на 40%, што прынесла цяжкія страты. Так што, калі такое стрымліванне будзе прадаўжацца, беручы да ўвагі крохкасць Расеі і слабасць яе прамысловасці, паступова паўстануць як унутраныя, так і знешнія праблемы.
Калі Расея не зможа прадаваць прыродны газ і нафту, ёй застанецца толькі чакаць сваёй гібелі. Калі б Захад «аблажыў» Расею, то без дапамогі вонкавага свету абстаноўка ў краіне была б яшчэ горшая, чым у Іране, паколькі этнічная сітуацыя і супярэчнасці ў Расеі нашмат больш складаныя. «Але ў адрозненне ад Ірана ўявіць Расею ў такой сітуацыі даволі цяжка», – піша Sohu.
Пры гэтым Sohu адводзіць Расеі ролю малодшага хаўрусніка Паднябеснай, які знаходзіцца пад яе апекай:
«А ўсё праз падтрымку ўсходніх дзяржаваў. З моманту распаду Савецкага Саюза Кітай заўсёды падтрымліваў Расею. Калі яна зазнала санкцыі і знаходзілася ў цяжкім становішчы, Кітай своечасова падтрымаў. Паміж дзвюма краінамі было падпісана мноства буйных пагадненняў пра закупку расейскіх рэсурсаў – прыроднага газу і нафты. Так што без падтрымкі Кітая Расея ўжо даўно стала б другім Іранам.
Цяпер эканамічная і нацыянальная моц Кітая яшчэ больш узмацняецца, і таму з'яўляецца больш сілаў для падтрымкі Расеі. Гэта вызначае яе лёс. Нават калі Расея зазнае ўсебаковыя санкцыі з боку Захаду, пакуль ёсць падтрымка з боку Кітая, яна не абрынецца», – вынікуе Sohu.