Пайшоў з жыцця польскі кампазітар Кшыштаф Пэндэрэцкі
- 29.03.2020, 15:38
Выдатнаму польскаму кампазітару было 86 гадоў.
Раніцай 29 сакавіка ў Кракаве ва ўзросце 86 гадоў пайшоў з жыцця выбітны польскі кампазітар Кшыштаф Пэндэрэцкі, паведамляе «Польское радио».
«Я пачаў граць дзякуючы дзядулю», - распавядаў ён у інтэрв'ю ў свой 80-ы дзень нараджэння. Калі яго спыталі пра пачатак яго музычнага шляху, ён сказаў, што ў дзяцінстве яму не падабаліся ўрокі музыкі:
«Я быў нармальным дзіцем. Мне не вельмі хацелася вучыцца. І дзядуля са мной дамовіўся, што я павінен быў вучыцца паўгадзіны, а за кожныя дваццаць ці пятнаццаць хвілін, не памятаю, дзядуля мне плаціў. Такім чынам у мяне з'явіліся грошы на цукеркі. І высветлілася, што гэта быў добры метад, бо я тады я вучыўся ўдвая больш. І можа быць, таму стаў добрым музыкам».
Кшыштаф Пэндэрэцкі ў інтэрв'ю 21 красавіка 2019 года прызнаўся, што большасць твораў напісаў на замову.
Кшыштаф Пэндэрэцкі нарадзіўся ў Дэмбіцы (Падкарпацкае ваяводства). Скончыў ў 1958 годзе Дзяржаўную музычную вучэльню ў Кракаве. Атрымаў вядомасць у свеце як прадстаўнік польскага авангарднага напрамку ў музыцы.
У апошнія гады жыцця Кшыштаф Пэндэрэцкі з'яўляўся прафесарам і рэктарам музычнай акадэміі ў Кракаве.
«Сваімі творамі ён азнаменаваў эпоху ў польскай і сусветнай культуры, - напісаў у твітэры ў памяць пра Кшыштафа Пэндэрэцкага прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда. - У 80-ю гадавіну пачатку Другой сусветнай вайны прагучаў яго манументальны твор «Польскі рэквіем». Гэта быў адзін з апошніх публічных выступаў вялікага кампазітара».