BE RU EN

Урадавы эксперт: У ЗША магчымыя больш як 100 тысяч смерцяў ад каранавірусу

  • 29.03.2020, 21:18

Захварэць могуць некалькі мільёнаў амэрыканцаў.

У ЗША ад каранавіруса можа загінуць звыш 100 тысяч чалавек, а захварэць - некалькі мільёнаў. Як паведамляе "Еўрапейская праўда" са спасылкай на New York Times, такое меркаванне выказаў галоўны эксперт урада ЗША ў інфекцыйных захворваннях Энтані Фочы ў праграме "State of the Union".

"Я дапускаю паміж 100 тысячам і 200 тысячамі, - адзначыў ён, дадаўшы, што мае на ўвазе смяротныя вынікі. - У нас будуць мільёны выпадкаў інфікавання".

Ён расказаў таксама, што пасля "вельмі інтэнсіўных дыскусій" у Белым Доме прэзідэнт ЗША Дональд Трамп наважыў не ўводзіць жорсткі карантын у асобных раёнах Нью Ёрка, Нью Джэрсі і Канэктыкута.

На 29 сакавіка колькасць загінулых ад каранавірусу ў ЗША дасягнула 2048 чалавек, колькасць інфікаваных - 121 563.

Эпіцэнтрамі эпідэміі ў краіне з'яўляюцца агламерацыя Нью Ёрка (52 318 выпадкаў і 728 памерлых), і Нью Джэрсі (11 124 выпадкі і 140 памерлых).

Нагадаем, 27 сакавіка ЗША выйшлі на першае месца ў свеце ў колькасці пацверджаных выпадкаў каранавіруса.

Апошнія навіны