BE RU EN

Беларускую эканоміку можа чакаць эфект даміно

  • 30.03.2020, 13:59

Тактыка ўладаў пагаршае сітуацыю.

Эканаміст Сяргей Чалы ў падкасце Цэнтра новых ідэй даў несуцяшальны прагноз пра ўплыў каранавірусу на дабрабыт простых беларусаў, піша «Салiдарнасць».

– Гэта нейкі неверагодны глабальны эксперымент увядзення сусветнай эканомікі ў штучную кому, – адзначыў ён. – Ведаеце, як гэта робяць медыкі, каб унікнуць пашкоджання мозгу або іншых важных органаў у хворага. Так і эканоміку будуць падтрымліваць на апаратах штучнага жыццезабеспячэння да таго часу, пакуль не будзе знойдзеная вакцына, таму што інакш чалавечыя ахвяры будуць занадта вялікія.

На думку суразмоўцы, такія захады будуць ужываць, у першую чаргу, у эканамічна развітых краінах.

– А ў Беларусі, на жаль, такіх магчымасцяў няма. У нас і так шмат гадоў на соплях усё вісела: сітуацыя ў эканоміцы станавілася горшай і горшай. Раней хоць неяк атрымоўвалася звесці канцы з канцамі, а цяпер усё.

Што адбудзецца з эканомікай? Практычна ўся сфера паслуг згорнецца, акрамя ключавых рэчаў, без якіх жыць нельга. Якраз тыя людзі, якія ажыццяўляюць дастаўку ежы, медыкаментаў, якія прыбіраюць смецце... На самай справе, яны апынуцца ключавымі для эканомікі. І яны застануцца на плаву. А ўся астатняя «цвіль на трубе», якой абрасла эканоміка, яна проста адамрэ.

Нават беларускія айцішнікі, якія калісьці здаваліся зусім непаражальнымі... Яны раней казалі: пляваць на ваш крызіс, нам добра, што рубель дэвальвуе, таму што ў нас прыбыткі ў валюце. І тут раптам высвятляецца, што страта попыту заходніх людзей прыводзіць да таго, што ў іх асноўныя выдаткі – гэта ўласна заробкі. І больш у іх няма нічога.

Я вельмі баюся вось гэтага эфекту даміно.

На думку Сяргея Чалага, самае непрыемнае, што на гэтым фоне беларускімі ўладамі была абраная тактыка адмаўлення небяспекі. І гэта не толькі пытанне маралі.

– Уявіце сабе сітуацыю, чыста гіпатэтычную. Напрыклад, будзе недахоп у Беларусі лекаў, абсталявання або нечага яшчэ. І мы звяртаемся да сусветных вытворцаў: маўляў, дапамажыце.

А яны нам адказваюць: хлопцы, у нас тут ЗША, Італія, Гішпанія гараць ад эпідэміі, таму мы з імі працуем. А ў вас жа ніякай эпідэміі няма! У вас жа нуль смяротных кейсаў, захварэлых менш за сотню... Вам пакуль не трэба, пачакайце. І гэта цалкам рэальны сцэнар.

І дзеля таго, каб мы так добра выглядалі, людзі праз гэта могуць рэальна пацярпець. Для мяне зусім зразумела, якую тактыку абрала ўлада. Гэта стаўка на тое, калі коратка, што «авось пранясе». І гэта вельмі рызыкоўная стаўка, – мяркуе эканаміст.

Апошнія навіны