Каранавірус у сям'і актораў Віцебскага тэатра: Жонку выпісалі пасля пнеўманіі, муж у рэанімацыі
- 30.03.2020, 14:14
Актор мог «падчапіць» інфекцыю ўжо ў лякарні.
Адзін з актораў Віцебскага тэатра імя Якуба Коласа знаходзіцца ў рэанімацыі з пнеўманіяй – і ў яго станоўчы тэст на каранавірус. Аднак карантыну ў тэатры няма, а адмену спектакляў дырэкцыя тлумачыць тым, што глядзельная зала практычна пустая.
Дыягназ актора пацвердзіла ягоная жонка, якая таксама правяла 5 дзён у Віцебскай чыгуначнай лякарні з пнеўманіяй, паведамляе «Радыё Свабода».
20 сакавіка сужэнцы, якія працуюць у Віцебскім тэатры імя Якуба Коласа, адчулі сябе дрэнна, у іх паднялася тэмпература. На наступны дзень іх змясцілі ў чыгуначную лякарню. Там былі ўзятыя тэсты на каранавірус, у абаіх аналізы былі адмоўнымі. Іх лячылі антыбіётыкамі.
Жонка правяла 5 дзён у лякарні. Яе выпісалі, калі стан палепшыўся. Потым папрасілі заставацца дома на карантыне да 10 красавіка і нікуды не выходзіць. Дарослай дачцэ, якая была ў непасрэдным кантакце са сваімі бацькамі за дзень да іх шпіталізацыі, увогуле нічога не сказалі. Ёй толькі дазволілі прыносіць ежу маці – пакідаць пад дзвярыма кватэры.
«Майму мужу стала горш на пяты дзень лекавання, яго перавялі ў аддзяленне інтэнсіўнай тэрапіі, і ён ужо 6 дзён знаходзіцца на апараце ШВЛ. Другі тэст на каранавірус паказаў станоўчы вынік. Акрамя таго, у мужа ёсць хранічная абструктыўная хвароба лёгкіх», – сказала жонка захварэлага актора.
Паводле ейных словаў, у чыгуначнай лякарні знаходзяцца 6 чалавек з каранавірусам.
Многія людзі хварэлі на пнеўманію, ім збівалі тэмпературу, лечылі антыбіётыкамі і выпісвалі без якіх-небудзь тэстаў на каранавірус.
Паводле словаў дачкі захварэлага актора, цалкам верагодна, што бацька «падчапіў» каранавірус ужо ў лякарні, бо ўсе ляжаць у адной палаце.
Актор, які цяпер знаходзіцца ў цяжкім стане з пацверджаным дыягназам COVID-19, працаваў 10 і 11 сакавіка ў спектаклі «Кот у ботах», 18 сакавіка таксама кантактаваў з персаналам тэатра. Ягоная жонка кажа, што прынамсі 7 актораў тэатра імя Якуба Коласа шпіталізаваныя, большасць з іх з пнеўманіяй.
Дырэктар Віцебскага тэатра Аляксандр Старых даручыў адміністрацыі патэлефанаваць усім, хто кантактаваў з хворым акторам, і папрасіць пасядзець у карантыне два тыдні, нікуды не выходзіць.
Раней Старых расказаў, што ў тэатры не быў абвешчаны карантын, а спектаклі былі адмененыя праз «нізкую занятасць залы»:
– Людзі не ходзяць у тэатр. Квіткі прадаюцца мала, а часам яны не прадаюцца. Таму да 18 красавіка будзе рэпетыцыйны рэжым, і мы прадоўжым сачыць за сітуацыяй».