Toyota прапанавала «кішэнны пазадарожнік»
- 30.03.2020, 14:35
Фоташпіёны выявілі яго недалёка ад Палярнага кола.
На базе хэтчбэка Toyota Yaris распрацавалі кампактны красовер, які павінен дэбютаваць ужо ў 2020 годзе, піша «Новы час».
Чакаецца, што гэта будзе самы маленькі красовер у лінейцы Toyota.
Новы пазадарожнік Toyota стаў адной з ахвяраў скасаванага Жэнеўскага аўтасалона: менавіта ў Швэйцарыі кампанія планавала рассакрэціць кампактную навінку. Большасць запланаваных вытворцамі на Жэневу прэм'ераў адбылася онлайн, але Toyota прыняла пастанову адкласці дэбют.
Фоташпіёны знайшлі недалёка ад Палярнага кола некалькі асобнікаў незвычайнай Toyota Yaris у камуфляжы. Як мінімум адзін тэставы прататып нясе на сабе кузаў і оптыку папярэдняга пакалення Yaris, у той час як другі значна больш падобны на актуальную мадэль. Аб'ядноўвае іх выразна павялічаны дарожны прасвет.
Серыйны пазадарожнік, хутчэй за ўсё, не будзе мець вонкавага падабенства з хэтчбэкам. Знешнасць красовера стане нечым сярэднім паміж Yaris і больш буйным C-HR, але апынецца больш традыцыйнай: ад экстравагантнасці C-HR, мабыць, пастанавілі адмовіцца.
Красоверу ўжо паабяцалі гібрыдную сілавую ўстаноўку на базе 1,5-літровага бензінавага матора, сістэму поўнага прывада і пазадарожныя здольнасці троху шырэйшыя, чым у звычайнага прыпаднятага хэтчбэка. Акрамя таго, будзе і гібрыдны варыянт, з выкарыстаннем літый-іённых, а не нікель-металагідрыдных батарэй, што павінна забяспечыць лепшую прадукцыйнасць і эфектыўнасць.
Як мяркуецца, цалкам рассакрэціць навінку Toyota плануе сёлета, а пачаць продажы – налета. Аўтамабіль будуць выпускаць на заводзе ў Валансьене (Францыя), тамсама, дзе і хэтчбэкі Yaris.