«Цэлы аўтобус людзей павезлі ў Гомель»
- 30.03.2020, 15:40
Што адбываецца пад Лельчыцамі, дзе ў мужчыны - COVID-19.
У 50-гадовага жыхара аграгарадка, што за тры кіламетры ад Лельчыц, выявілі COVID-19. Да гэтага ў яго дыягнаставалі пнеўманію. Цяпер мужчына знаходзіцца ў інфекцыйнай лякарні ў Гомелі, піша tut.by.
Мясцовыя жыхары расказваюць, што каранавірус у дырэктара аднаго з сельгаспрадпрыемстваў. Пасля таго, як мужчыну ізалявалі, сталі прыязджаць па тых, хто кантактаваў з ім.
- Учора «хуткія» ўвесь дзень ездзілі і забіралі людзей: родных, калег і нават з райвыканкама кагосьці. А потым цэлы аўтобус людзей павезлі ў Гомель. І сёння яшчэ забіраюць. Калі так пойдзе і далей, то палову Лельчыц ізалююць, - кажа жыхар аграгарадка Аляксей.
Лельчыцы - гэта глыбінка беларускага Палесся, горад на поўдні Беларусі, практычна на самай мяжы з Украінай. Мясцовыя здзіўляюцца: ну адкуль у іх каранавірус? Людзі запэўніваюць: мужчына нікуды не выязджаў.
- Цяпер пасяўная, нікуды ён не мог ехаць, ён вельмі адказны чалавек і не пакінуў бы свой калгас у такі час, - разважаюць людзі.
Паводле інфармацыі журналістаў, два тэсты на каранавірус у мужчыны выявіліся станоўчымі, цяпер лекары чакаюць вынікаў трэцяга кантрольнага тэсту. Пазней COVID-19 у хворага пацвердзілі афіцыйна.
Як раней паведамляў мясцовы райвыканкам, у Лельчыцах праводзіцца эпідэміялагічнае расследаванне. Пацыент шпіталізаваны ў Гомельскую інфекцыйную лякарню, яго кантакты таксама знойдзеныя і знаходзяцца на медыцынскім абследаванні.