BE RU EN

Куратар справы Скрыпаля стаў кіраўніком контрвыведкі МІ-5

  • 30.03.2020, 16:28

Раней ён займаўся процідзеяннем тэрарызму і кібербяспекай.

Новым кіраўніком брытанскай контрвыведвальнай службы МІ-5 прызначаны Кен МакКалум, які займае пасаду намесніка цяперашняга кіраўніка службы, паведамляе bbc.com. Ён - кар'ерны афіцэр выведкі з 25-гадовым стажам, кіраваў расследаваннем замаху на былога афіцэра ГРУ Сяргея Скрыпаля. МакКалум таксама займаўся процідзеяннем тэрарызму ў Паўночнай Ірландыі, гарантаваннем бяспекі Алімпіяды-2012 у Лондане і барацьбой з кіберпагрозамі.

Аб прызначэнні ў панядзелак абвясціла Прыці Патэл, міністр унутраных спраў Брытаніі. На новай пасадзе перад МакКалумам узнікне выклік каранавірусу, а таксама зменлівы характар пагрозаў ад тэрарыстаў і замежных выведак.

Цяпер МакКалум займае пасаду намесніка кіраўніка МІ-5 Эндру Паркера, які сыходзіць у красавіку на пенсію.

У заяве МІ-5 гаворыцца, што МакКалум праслужыў у ёй амаль 25 гадоў і працаваў на розных накірунках выведкі і нацыянальнай бяспекі.

У 2017 годзе МакКалум заняў пасаду намесніка кіраўніка выведслужбы. У ягоныя паўнамоцтвы ўвайшло кіраванне ўсёй аператыўнай працай і расследаваннямі агенцтва.

На гэтай пазіцыі ён кіраваў расследаваннем тэрарыстычных нападаў 2017 года, а ў 2018 годзе - адказам МІ-5 на атручэнне былога расейскага выведчыка Сяргея Скрыпаля. Да гэтага МакКалум займаўся тэрарыстычнымі пагрозамі, звязанымі з Паўночнай Ірландыяй, а таксама ісламскім экстрэмізмам і кібербяспекай. У 2012 годзе ён адказваў за барацьбу з тэрарызмам у пачатку і пад час Алімпійскіх гульняў у Лондане.

Наступнае вялікае прызначэнне ў апараце нацыянальнай бяспекі Брытаніі - новы шэф МІ-6, выведвальнай службы (Менавіта гэтую пасаду займае персанаж «М» у раманах і фільмах пра Джэймса Бонда). На гэты момант на яе няма відавочнага прэтэндэнта.

МІ-5 была заснаваная ў 1909 годзе для процідзеяння нямецкай выведцы напярэдадні Першай сусветнай вайны. Спецслужба займаецца контрвыведкай і змаганнем з тэрарызмам.

Падчас Другой сусветнай вайны МІ-5 займалася перахопам інфармацыі ў нацыстаў, а з пачатку халоднай вайны змагалася з савецкай выведкай.

Цягам 1990-х ключавымі кірункамі працы службы сталі спачатку пагрозы ад тэрарыстаў Паўночнай Ірландыі, а затым - ад ісламскіх экстрэмістаў.

Апошнія навіны