«Баста!»: Лякарні Берасця перапоўненыя
- 30.03.2020, 16:58
Звычайных хворых перавозяць у медыцынскія ўстановы Кобрына.
Чытачы Telegram-канала «Баста!» з Берасця пішуць, што праз недахоп месцаў у шпіталях абласнога цэнтра частку пацыентаў перавезлі ў Кобрын.
«Абодва інфекцыйныя аддзяленні Берасцейскай абласной лякарні працуюць толькі з падазраванымі на каранавірус, - паведаміў падпісант. - Таксама для іх вызвалілі частку палат кардыялагічнага і кардыяхірургічнага аддзяленняў. Сваячка працуе ў інфекцыйным, на мінулым тыдні падпісала паперу аб невыдаванні інфармацыі.
Праз тое, што ў Берасці усё перапоўненае, звычайных пацыентаў (не з сімптомамі каранавірусу) вязуць у Кобрын. Там аўрал, лекары па дзве змены запар працуюць. Таксама ўчора з «абласной» некаторых пацыентаў у Кобрынскую ЦРБ перавезлі», - пішуць чытачы Telegram-канала.