Нарвегія падрыхтавалася нанесці ўдар у нафтавай вайне
- 30.03.2020, 17:19
Скандынаўская краіна анансавала нарошчванне здабычы энэрганосьбіта.
Нарвегія наросціць аб'ём здабычы нафты на радовішчы Ёхан Свердруп у Паўночным моры, што пагоршыць сітуацыю на сусветным нафтавым рынку, дзе цяпер прапанова істотна перавышае попыт. Пра гэта піша агенцтва Bloomberg (пераклад - mk.ru).
У панядзелак, 30 сакавіка нарвежская дзяржаўная нафтаздабываючая кампанія Equinor паведаміла, што да пачатку траўня павялічыць аб'ём здабычы нафты на Ёхан Свердруп да 470 тысяч барэляў за дзень. Хоць першапачаткова планавалася, што кампанія павінна выйсці на ўзровень 440 тысяч барэляў і толькі да лета.
Як адзначае агенцтва, заява нарвежскай кампаніі выйшла на фоне найбуйнейшага за апошнія 17 гадоў падзення коштаў нафты. Кошт маркі Brent апусціўся да адзнакі 23 даляра за барэль. Але нават пры такіх нізкіх коштах здабыча на буйным радовішчы Ёхан Свердруп застаецца рэнтабельнай, адзначылі прадстаўнікі Equinor. Са слоў выканаўчага віцэ-прэзідэнта кампаніі ў распрацоўцы і вытворчасці ў Нарвегіі Сігве Найлунд, Свердруп будзе прыносіць прыбытак з коштам, ніжэйшым за 20 даляраў за барэль.
На падлікі аналітыкаў Bloomberg, штодзённы аб'ём сусветнага спажывання нафты складае блізу 100 млн барэляў. Праз нафтавы крызіс гэты паказчык упаў прыкладна на чвэрць, што ўжо прывяло да перавышэння прапановы на 25 млн барэляў за дзень.