На мяжы Казахстана і Туркменістана памёр кіроўца грузавіка з Беларусі
- 30.03.2020, 18:43
Аб прычынах смерці не паведамляецца.
На кантрольна-прапускным пункце «Тэмір-баба», на мяжы Казахстана і Туркменістана, сабралася 79 грузавых аўтамабіляў, у асноўным, з беларускімі і расейскімі нумарамі. Усе яны накіроўваліся ў Туркменістан, але ўжо блізу 10 дзён не могуць пераехаць мяжу праз закрыццё КПП туркменскім бокам, піша turkmen.news.
«Патрабуецца дапамога з прадуктамі і вадой. У пустыні без умоваў: няма вады, прадукты на зыходзе. Пазаўчора памёр наш [беларускі] кіроўца ў сваёй кабіне, ежа канчаецца, вада на зыходзе», - гаворыцца ў паведамленні, атрыманым turkmen.news.
Інфармацыю аб гібелі кіроўцы з Беларусі рэдакцыі turkmen.news праз тэлефон пацвердзілі і на мытным пасту «Тэмір-баба». Аб прычынах смерці не паведамляецца.