Лекар шпіталя ў Іўі: Уцякай адсюль, тут каранавірус ходзіць
- 31.03.2020, 9:07
Што цяпер адбываецца ў райцэнтры Гарадзенскай вобласці.
У Гарадзенскай вобласці пацвердзілі чацвёрты выпадак каранавіруса. Са шпіталя ў горадзе Іўе, дзе ляжыць заражаны каранавірусам мясцовы жыхар, пачалі масава выпісваць пацыентаў, паведамляе «Радыё Свабода».
Як стала вядома «Радыё Свабода», хворы на каранавірус мужчына родам з Іўеўскага раёна, мае бізнэс, займаецца мэбляй і перавозкамі па Беларусі. Ёсць жонка і маленькія дзеці.
Як сказаў газеце «Вечерний Гродно» галоўны дзяржаўны санітарны лекар Гарадзенскай вобласці Мікалай Кендыш, 50-гадовы прадпрымальнік не выязджаў за мяжу, ездзіў толькі ў Менск. У яго знайшлі каранавірус, калі ён ужо ляжаў у лякарні з пнеўманіяй.
Іншы жыхар Іўя, у якога сын планава ляжыць у Іўеўскай лякарні на абследаванні, распавёў пра сітуацыю ў шпіталі.
«Трэці паверх [шпіталя] поўнасцю ачысцілі ад хворых і нямоглых. Усіх забралі дадому. На маіх вачах, гэта я ўсё бачыў, як яны выносілі з інсультам, дзядоў, бабак, спаралізаваных - усіх з неўралогіі. Ачысцілі усё цалкам, увесь трэці паверх. Усіх выпісалі», - кажа суразмоўца.
Паводле ягоных звестак, шпіталізаваны як сам пацыент з каранавірусам, так і ягоныя родныя.
Ягоны сын, як і іншыя пацыенты, не можа выходзіць на шпацыры. Нельга іх ні праведваць, ні перадаваць перадачы.
«Яны заблакаваныя ўжо цэлы тыдзень, іх нікуды не выпускаюць, ні на двор, нікуды. Нават заходзіць у шпіталь нельга. Учора [ў нядзелю 29 сакавіка] прыехала шмат людзей, камісіі з Гародні. Сын казаў, што тупаюць, бегаюць, учора такі вэрхал быў, што о-ё-ёй. Знаёмая лекарка мяне ўбачыла, сказала: «Сёння ўсіх выпішам. Уцякай адсюль, тут каранавірус ходзіць. Так мне і сказала», - пераказвае жыхар Іўя.
«Я ніякіх каментароў не магу даваць цяпер», - сказаў галоўны лекар Іўеўскага шпіталя Іван Глаз.
«Я пакуль не магу каментаваць гэтую сітуацыю. У нас сёння была планёрка, і пакуль сказана, ніякую інфармацыю не паведамляць... Так, выпадак ёсць, і больш я вам сказаць пакуль нічога не магу», - паведаміла Наста Жамойта, выканаўца абавязкаў галоўнага санітарнага лекара Іўеўскага раёна.
У Гарадзенскай вобласці раней паведамлялася яшчэ аб трох выпадках каранавіруса: 62-гадовая гарадзенка, якая вярнулася з Італіі, і ў двух маладых мужчын, якія прыляцелі са Швэцыі.