РФ стварыла новую нафтавую кампанію ў дзень сыходу «Роснефть» з Вэнэсуэлы
- 31.03.2020, 11:32
Крэмль засцерагае Сечына?
Расея заснавала новую нафтавую кампанію ў той жа дзень, калі "Роснефть" абвясціла пра продаж сваіх актываў у Вэнэсуэле. Гэта вынікае са звестак Адзінага дзяржаўнага рэестра юрыдычных асоб (ЕГРЮЛ). Гаворка ідзе аб кампаніі пад назвай "Росзарубежнефть", якая, згодна з рэестрам, была пастаўлена на ўлік 28 сакавіка, паведамляе dw.com.
З дакумента вынікае, што "Росзарубежнефть" зарэгістраваная ў Маскве, яе статутны капітал складае 322,7 расейскага рубля. Кампанія будзе займацца здабычай і транспартаваннем нафты і нафтавага (спадарожнага) газу. "Росзарубежнефть" цалкам належыць “Росимуществу”. Трымальнікам рэестра акцыянераў новай кампаніі з'яўляецца ТАА "Рэестр-РН", якое таксама з'яўляецца трымальнікам рэестра акцыянераў "Роснефть".
Генеральны дырэктар "Росзарубежнефть" - Нікалай Рыбчук. Яго поўны цёзка - член Рады ветэранаў Анголы, былы вайсковы аташэ і прадстаўнік Федэральнай службы вайскова-тэхнічнага супрацоўніцтву (ФСВТС) у гэтай краіне. У Анголе ў сярэдзіне 1980-х служыў і кіраўнік "Роснефть" Ігар Сечын.
Санкцыі з боку ЗША
Пра продаж "Роснефть" яе актываў у Вэнэсуэле стала вядома 28 сакавіка. Прэсавы сакратар кампаніі Міхаіл Лявонцьеў у інтэрв'ю агенцтву РБК патлумачыў продаж актываў і сыход з Вэнэсуэлы жаданнем дамагчыся зняцця санкцый, уведзеных ЗША супраць даччыных структур "Роснефть".
"Мы прадалі наш вэнэсуэльскі бізнэс ураду Расейскай Федэрацыі. Кампанія "Роснефть" як міжнародная публічная кампанія павінна абараняць інтарэсы сваіх акцыянераў. І цяпер мы маем права чакаць ад амэрыканскага рэгулятара выканання публічна ўзятых на сябе абяцанняў", - сказаў ён.