BE RU EN

«Радыё Свабода»: У Лельчыцкім раёне праз каранавірус забралі ў лякарні амаль сотню чалавек

  • 31.03.2020, 12:39

Дыягназ COVID-19 пакуль пацвердзілі ў пяці жыхароў раёна.

Жыхары райцэнтра Лельчыцы Гомельскай вобласці паведамілі «Радыё Свабода», што з іх райцэнтра і суседняй вёскі пра каранавірус забралі блізу сотні чалавек.

Учора афіцыйна пацвердзілі COVID-19 толькі ў дырэктара адной з гаспадарак. Як стала вядома ад інфармаванай крыніцы «Радыё Свабода», сёння каранавірус пацвердзілі ў пяці жыхароў вёскі.

Пра сітуацыю ў райцэнтры «Радыё Свабода» распавёў адзін з мясцовых жыхароў, які прасіў не называць свайго імя. Паводле ягоных слоў, у нядзелю і панядзелак (29 і 30 сакавіка) з Лельчыц і вёсак вывозілі «кантакты першага ўзроўню», якія маглі заразіцца ад дырэктара гаспадаркі. У іх лік патрапілі і супрацоўнікі райвыканкама - управы сельскай гаспадаркі на чале з начальнікам.

«Дырэктар гаспадаркі прысутнічаў на планёрках у райвыканкаме. І сам праводзіў нарады ў калгасе. Блізу 60 чалавек павезлі ў Гомель, блізу 30 засталіся ў Лельчыцах. Сітуацыя складаная тым, што мясцовыя медыкі камунікавалі з ім, дырэктарам, без сродкаў абароны, і цяпер яны таксама ў групе рызыкі, працаваць няма каму. Таму працуюць яны - хоць і ў ахоўных касцюмах», - паведаміў жыхар райцэнтра.

Ён дадаў, што яшчэ ўчора 30 сакавіка было вядома пра тры пацверджаныя выпадкі каранавіруса. Усе заражаныя - жыхары вёскі, якія працуюць у гэтай гаспадарцы. Раніцай 31 сакавіка стала вядома, што цяпер пяць чалавек - працаўнікі гаспадаркі - маюць станоўчы вынік на каранавірус.

У Гомельскім аблвыканкаме журналістам паведамілі, што на сёння не маюць інфармацыі. Атрымаць каментар у Міністэрстве аховы здароўя журналістам не ўдалося.

Апошнія навіны