«Думалі, што цяпер на каранавірус правераць усю трупу – але не»
- 31.03.2020, 14:49
Што адбываецца ў віцебскім тэатры, дзе памёр артыст.
У Віцебску ноччу 31 сакавіка памёр хворы з пацверджаным каранавірусам – 75-гадовы актор Коласаўскага тэатра, заслужаны артыст Беларусі Віктар Дашкевіч. Партал tut.by даведаўся, што адбываецца ва ўстанове культуры цяпер.
Нагадаем, у Віктара Дашкевіча і ягонай жонкі было запаленне лёгкіх, гэты дыягназ ім паставілі ў паліклініцы.
Мужа і жонку адправілі на шпіталізацыю ў тубдыспансер. Аднак ён быў перапоўнены, сужэнцам выпісалі антыбіётыкі і адпусцілі дадому. Пазней іх паклалі ў розныя палаты ў скурвендыспансеры.
Удава казала, што разам з акторам знаходзіўся мужчына, якога пазней забралі з лякарні. Чаму і куды – ніхто не сказаў. Потым ён ляжаў з іншымі трыма мужчынамі.
24 сакавіка актору стала горш, і яго перавялі ў Віцебскі абласны клінічны спецыялізаваны цэнтр. Там узялі новы аналіз на каранавірус. 26 сакавіка стала вядома, што вынік станоўчы. Мужчына знаходзіўся ў рэанімацыі, на апараце ШВЛ.
Жонку актора выпісалі 26 сакавіка, яна на 14-дзённым карантыне.
Дырэктар тэатра: «Кантактамі артыста займаюцца эпідэміёлагі»
30 сакавіка адміністрацыя драматычнага тэатра імя Якуба Коласа ў Віцебску расказала, што тут скасавалі спектаклі да 18 красавіка. Карантыну ў тэатры не было, а скасаванне спектакляў дырэкцыя патлумачыла тым, што глядзельная зала практычна пустая.
31 сакавіка дырэктар установы Аляксандр Старых паведаміў, што карантыну па-ранейшаму няма. Супрацоўнікаў, якія кантактавалі з Віктарам Дашкевічам, вызначае эпідэмслужба:
– Карантыну ў тэатры няма. Пытаннем кантактаў артыста займаюцца эпідэміёлагі. Яны маюць зносіны з сям'ёй, з жонкай актора і ўсё вызначаюць. Усё астатняе – без каментароў.
Старых паведаміў, што развітання не будзе, пахаваннем займаецца сям'я.
Артыст Максім Цароў: «Думалі, збяруць трупу – і адвязуць на аналізы. Але гэтага не адбылося»
Актор драмтэатра Максім Цароў расказаў, што карантыну ва ўстанове няма, але ўсе супрацоўнікі – пад кантролем:
– Сёння мне тэлефанавала эпідэміёлаг, пыталася, як самаадчуванне. І паведаміла, што мы – супрацоўнікі тэатра – пад кантролем. І што нас цяпер будуць кожны дзень абзвоньваць і пытацца пра здароўе. Тэлефанавалі і з адміністрацыі тэатра, цікавіліся маім самаадчуваннем.
Максім кажа, што напярэдадні, 30 сакавіка, даведаўшыся з СМІ пра цяжкі стан калегі Віктара Дашкевіча, ён і яшчэ два маладыя акторы-коласаўцы самастойна здалі тэсты на каранавірус:
– Здалі ўтрох: я, Аляксей Стома і яшчэ адна дзяўчына. Мы зразумелі, што кіраўніцтва тэатра не прадпрымае ніякіх дзеянняў. Думалі, што нас збяруць усіх, усю трупу, і адвязуць на аналізы. Але ніякіх зрухаў. Тады пастанавілі дзейнічаць самі. Вынікі тэстаў будуць гатовыя сёння. Нам сказалі, што патэлефануюць, калі вынік дрэнны. Калі ўсё добра, то тэлефанаваць не будуць. І я цяпер не вельмі спакойна рэагую на ўсе незнаёмыя ўваходныя нумары.
Актор кажа, што адчувае сябе не зусім добра:
– Была тэмпература пад 38. Потым стаў папраўляцца. Але ўсё роўна цяпер трымаецца тэмпература 37°C.
Паводле словаў артыста, ён быў вымушаны пайсці на працу ў самым пачатку хваробы:
– Я згуляў спектакль «Кот у ботах». Быў у масцы, ні з кім не вітаўся. У ідэале мяне павінны былі тады замяніць. Але ў нас людзі так і ходзяць на працу – да апошняга.
Потым спектаклі ў тэатры пачалі скасоўваць.
Аднак 27 сакавіка правялі прэм'еру спектакля «Дом на мяжы».
– 27 сакавіка я пайшоў у тэатр – на прэм'еру. Заўважыў, што ніхто ў тэатры ўжо за руку не вітаўся. Зала была занятая гледачамі напалову. Але ўсе сядзелі на адлегласці адзін ад аднаго. Некаторыя гледачы былі ў масках.
20 сакавіка, успамінае Цароў, у Коласаўскім прайшла прэм'ера спектакля «Восеньскі rock'n'roll».
18-га на здачы спектакля на мастрадзе быў Віктар Дашкевіч.
– І тут з Віктарам Мікалаевічам многія кантактавалі, у нас усе і заўсёды віталіся за руку, – кажа Максім Цароў.
З 27 сакавіка Максім у тэатр не хадзіў, знаходзіцца дома.
Артыст Аляксей Стома: «26 сакавіка Віктару Мікалаевічу пацвярджаюць каранавірус – а 27 сакавіка тэатр ставіць прэм'еру!»
– Ніхто з кіраўніцтва нічога не кажа, і мы пастанавілі перастрахавацца: пайшлі і здалі тэсты, – расказвае артыст драмтэатра Аляксей Стома. – Я мяркую, што нас павінны былі абтэлефанаваць і сказаць: «Хлопцы, давайце сходзім да медыкаў». Але больш за ўсё здзіўляе вось што: нібыта 26 сакавіка Віктару Мікалаевічу пацвярджаюць каранавірус – а 27 сакавіка тэатр ставіць прэм'еру: збірае трупу, гледачоў!
Аляксей Стома успамінае, што 18 сакавіка Віктар Мікалаевіч прыйшоў на прагон.
– Мы з ім у адной грымёрцы знаходзіліся. Павіталіся за руку, пагутарылі, як звычайна. Калега расказаў, што два дні таму ў яго была тэмпература, было дрэнна, але цяпер ужо лепш.
Максім і Аляксей не ведаюць, ці хадзілі іншыя іх калегі здаваць тэсты на каранавірус. Звязацца з некім яшчэ з артыстаў-коласаўцаў мы не здолелі.
Сям'я актора рыхтуецца да пахавання.