BE RU EN

Менская служба таксовак пачала вазіць лекараў бясплатна

  • 31.03.2020, 16:18

Дастаткова пропуску ў лякарню альбо бэйджа.

Служба таксовак 7606 прапанавала лекарам бясплатна скарыстацца іх паслугамі. Але ў рэдакцыю tut.by паскардзіліся, што кіроўцы ўсё адно бралі грошы за паездку. Кіраўніцтва службы грошы вярнула і патлумачыла, што адбылося.

Служба таксовак 7606 запусціла акцыю з бясплатнымі паездкамі для лекараў яшчэ ў канцы мінулага тыдня. Тады прапановай скарысталіся крыху больш за 10 чалавек. Але на гэтым тыдні ў рэдакцыю напісалі, што кіроўцы ўсё адно бяруць грошы за паездкі. Дырэктар службы 7606 Канстанцін Каралёў тлумачыць гэта тэхнічным збоем і гарантуе, што цяпер усё выпраўленае.

- За выхадныя пасля старту акцыі нашай прапановай скарысталася даслоўна 11-12 чалавек. Але пасля таго, як мы апублікавалі сваю прапанову ў сацсетках, пасыпаўся шквал званкоў. Такога мы не чакалі. Мы працуем з некалькімі кол-цэнтрамі, у якіх больш за 200 чалавек, і мы папросту не паспелі ўсіх папярэдзіць. Ды і кіроўцы не былі праінфармаваныя належным чынам. Мы вярнулі грошы ўсім, хто аплаціў паездку, - распавёў Канстанцін Каралёў.

Каб не было блытаніны, бясплатную таксоўку трэба выклікаць альбо з кароткага нумара, альбо праз мабільнае прыкладанне. Больш за тое, у дадатку можна адразу паставіць гачок «лекар», і кіроўца будзе ведаць, каго вязе.

- Мы папярэджваем адразу, што бясплатна паслугай можна скарыстацца, калі канчатковым пунктам маршруту лекара з'яўляецца альбо хатні адрас, альбо лякарня. Для пацверджання таго, што пасажыр з'яўляецца лекарам, дастаткова пропуску ў лякарню альбо бэйджа. Скарыстацца бясплатнай паслугай могуць тыя лекары, якія працуюць у шпіталях. Акцыя не тычыцца лекараў-касметолагаў ці тых, хто працуе ў камерцыйных медыцынскіх цэнтрах. Мы хочам падтрымаць тых, хто цяпер рэальна дапамагае людзям, - кажа Канстанцін Каралёў.

Апошнія навіны