BE RU EN

Каранавірус у свеце: колькасць заражаных набліжаецца да мільёна

  • 31.03.2020, 18:38

Колькасць заражаных каранавірусам Covid-19 у свеце прадаўжае расці.

У Гішпаніі за апошні дзень памерлі амаль 850 чалавек, заражаных каранавірусам. У ЗША авіякампанія American Airlines патрабуе 12 млрд даляраў ва ўрада, а ў Польшчы ўводзяць строгі карантын.

Колькасць заражаных каранавірусам Covid-19 у свеце прадаўжае расці. Расце і хуткасць распаўсюджвання віруса - за апошнія тры дні, паводле статыстыкі ўніверсітэта Джонса Хопкінса, у свеце заразілася 128 тысяч чалавек, піша ВВС.

У сярэдзіне лютага колькасць заражаных за дзень вылічалася прыблізна дзвюма-трыма тысячамі. Калі цяперашняя дынаміка захаваецца, колькасць заражаных вірусам у свеце перавысіць мільён да канца гэтага тыдня (у аўторак іх было 800 тысяч).

Смерці ў Гішпаніі, абмежаванні ў Польшчы

За мінулы дзень у Гішпаніі вірус забраў жыцці 849 чалавек. Гэта чарговы самы высокі паказчык смяротнасці ў краіне за ўвесь перыяд пандэміі. Днём раней, у панядзелак, памерлі 812 чалавек.

Гішпанія ўжо абагнала Кітай у колькасці заражаных. Паказчык смяротнасці ад віруса ў краіне прыкладна такі ж, як у Італіі, дзе памерла 11500 чалавек са 102 тысяч заражаных.

Гішпанскія медыкі казалі, што ўспышка віруса ў краіне набліжаецца да піка, пасля якога колькасць заражэнняў і смерцяў, як спадзяюцца спецыялісты, пачне падаць.

Распаўсюд віруса ў Гішпаніі сапраўды запавольваўся, аднак у панядзелак зноўку вырас прыкладна на 8%. Рост пацвердзіла прадстаўніца каардынацыйнага цэнтра гішпанскага міністэрства аховы здароўя Марыя Хасэ Сіера.

У краіне ідзе трэці тыдзень строгага карантыну. Улады закупляюць у іншых краінах прыборы для тэставання на каранавірус у імкненні павялічыць колькасць праверак штодня да 50 тысяч чалавек.

ФОТА: STEFANO MAZZOLA/AWAKENING

Прэм'ер-міністр Польшчы Матэвуш Маравецкі ў аўторак абвясціў аб строгіх карантынных захадах. У краіне будуць закрытыя паркі, плошчы і іншыя грамадскія месцы. Грамадзянам не плануюць забараняць выходзіць з дому, аднак непаўналетнім можна будзе пакідаць дамы толькі ў суправаджэнні дарослых.

У краіне да чацвярга павінны закрыцца ўсе гатэлі і хостэлы. Акрамя таго, на рабочых месцах павінен выконвацца прынцып сацыяльнага дыстанцыявання. У Польшчы пад гэтым разумеецца захаванне дыстанцыі паўтара метра паміж супрацоўнікамі. Адказнасць за гэта ляжыць на працадаўцах.

Новыя карантынныя правілы будуць уведзеныя ў супермаркетах. Колькасць чэргаў на касах будзе абмежаваная трыма чалавекамі. Такім чынам, калі ў супермаркеце пяць кас, то ў гандлёвай зале не можа знаходзіцца больш за 15 чалавек, паведамляе агенцтва Франс Прэс.

Колькасць памерлых у сувязі з вірусам у Нямеччыне ў аўторак дасягнула 600 чалавек. Як паведамляе газета Süddeutsche Zeitung, толькі 31 з іх было менш за 60 гадоў.

У Беларусі ўпершыню памёр заражаны каранавірусам. На 76-м годзе жыцця памёр актор Віцебскага драматычнага тэатра Віктар Дашкевіч. У апошнія дні мужчына быў падлучаны да апарата ШВЛ, пасля таго, як яго шпіталізавалі з сімптомамі пнеўманіі.

Аб першым выпадку заражэння абвясцілі ў непрызнанай Рэспубліцы Абхазія. Як паведамляюць расейскія СМІ, усе дарогі ў Гальскі раён Абхазіі, дзе каранавірус пацвердзіўся ў жанчыны у аўторак, былі перацятыя.

ЗША: больш заражэнняў, чым у кожнай іншай краіне

У Польшчы, паводле афіцыйных звестак, 2132 выпадкі заражэння і 31 смерць, звязаная з каранавірусам.

У ЗША больш заражэнняў, чым у кожнай іншай краіне. У Нью-Ёрку спешна ўзводзяць палявыя шпіталі. У панядзелак у Гудзон зайшоў плывучы шпіталь ВМС ЗША USS Comfort. Ён дапаможа разгрузіць гарадскія лякарні.

У Нью-Ёрку паведамляюць пра 914 смерцяў у сувязі з Covid-19. Гэта больш, чым у кожным іншым амерыканскім штаце.

ФОТА: GETTY IMAGES

Іншыя штаты ЗША спешна ўводзяць карантынныя захады. У аўторак карантын ўвялі ўлады штатаў Мэрылэнд, Вірджынія, Арызона і Тэнэсі. У аўторак такія захады ўвялі 32 з 50 штатаў.

У аўторак стала вядома аб арышце пастара Родні Говарда-Браўна, які выказваў канспіралагічныя тэорыі аб пандэміі каранавірусу.

Вірус прыносіць страты авіявознікам ва ўсім свеце. У аўторак амерыканская авіякампанія American Airlines, адна з найбуйнейшых у свеце, заявіла, што звернецца да ўрада па фінансавую дапамогу ў суме 12 млрд даляраў.

Генеральны дырэктар кампаніі Даг Паркер і прэзідэнт Роберт Айсам у лісце супрацоўнікам (з ім азнаёмілася ВВС) заявілі, што грошы «будуць размеркаваныя так, каб захаваць асноўныя паслугі авіякампаніі і абараніць працоўныя месцы».

Прэм'ер-міністр Брытаніі Борыс Джонсан у аўторак зноў заявіў, што «сітуацыя яшчэ моцна пагоршыцца, перш чым пайсці на папраўку».

Міністр аховы здароўя Мэт Хэнкок, які заразіўся вірусам (як і Джонсан), у аўторак заявіў ,што «ідзе на папраўку» і прадаўжае працаваць з дому.

У Францыі, як і ў некаторых іншых еўрапейскіх краінах, узрасла колькасць выпадкаў хатняга гвалту. Са слоў міністра ў раўнапраўі полаў Марлен Шыапа, за апошні тыдзень ва ўсёй Францыі распачатыя на 32% больш спраў аб хатнім гвалце, у Парыжы - на 36%.

ЛОЗУНГІ НА ПІРАМІДЗЕ ГІЗЫ Ў ЕГІПЦЕ

У Егіпце ў ноч на аўторак з дапамогай лазера на адну з пірамід комплексу ў Гізе змясцілі папярэджанні на арабскай і ангельскай мовах. Егіпцян просяць заставацца дома і выконваць дыстанцыю. Перад гэтым тэрыторыю вакол комплексу прадэзінфікавалі.

Нямеччына, Брытанія і Францыя ў аўторак адправілі ў Іран медыцынскае абсталяванне. У заяве нямецкага Міністэрства замежных спраў не гаворыцца, што гэта дапамога ў барацьбе з каранавірусам, аднак у пачатку сакавіка еўрапейскія краіны паабяцалі паслаць у Ісламскую Рэспубліку медыцынскія матэрыялы на 5 млн еўраў.

У Іране, паводле апошніх звестак, 44 тысячы заразіліся і амаль тры тысячы смяротных выпадкаў.

Апошнія навіны