Маравецкі: ВУП Польшчы ў 2020 годзе можа ўпасці ніжэй за нуль
- 31.03.2020, 19:40
Прэм'ер-міністр Польшчы заявіў, што зараз выконваюцца самыя негатыўныя сцэнары развіцця эканомікі.
Прэм'ер-міністр Польшчы Матэвуш Маравецкі заявіў, што рост ВУП сёлета будзе ніжэйшым, чым паказваюць эканамічныя прагнозы. Кіраўнік польскага ўраду не выключыў, што ўзровень ВУП можа абрынуцца ніжэй за нуль, паведамляе «Радыё Польшча».
Прэм'ер-міністр Польшчы дадаў, што эканамічны крызіс, выкліканы пандэміяй каронавіруса COVID-19, будзе мець небяспечныя наступствы: «Цяпер выконваюцца самыя негатыўныя сцэнары, якія яшчэ два тыдні таму ацэньваліся як малаверагодныя».
Прэм'ер-міністр Матэвуш Маравецкі паведаміў, што ўрад чакае росту беспрацоўя праз скарачэнне экспарту польскіх тавараў у Заходнюю Еўропу.
Кіраўнік урада Польшчы ўважае, што сёння найважнейшай задачай з'яўляецца кантроль за ростам захворвання каронавірусам, а «праз некалькі тыдняў будзе неабходна вызначыцца з тым, як размарозіць польскую эканоміку».