Супрацоўнікаў Капыльскай раённай бальніцы адправілі на карантын па месцы працы
- 31.03.2020, 19:33
Напярэдадні жыхароў вёскі Доктаравічы шпіталізавалі ў лякарні Менска і Капыля.
Супрацоўнікі Капыльскай цэнтральнай раённай бальніцы, якія кантактавалі з хворымі каранавірусам, змешчаныя на карантын па месцы працы. Гэтую інфармацыю tut.by пацвердзіў старшыня Капыльскага райвыканкама Сяргей Пілішчык.
З 31 сакавіка некаторых медыкаў Капыльскай цэнтральнай раённай бальніцы, якія відавочна кантактавалі з заражанымі каранавірусам, змясцілі на карантын па месцы працы.
- У іх ёсць лядоўня, тэлевізары, прывезены кніжкі ў бібліятэку, часопісы для іх ёсць. Створаны належныя ўмовы для баўлення часу, каб яны змаглі пасля працоўнай змены прыняць душ, адпачыць, паспаць, паесці. Яны працягваюць працаваць, проста не пакідаюць тэрыторыю бальніцы. Іх усіх пратэставалі, узялі аналізы, - распавёў старшыня райвыканкама Сяргей Пілішчык.
Нагадаем, напярэдадні некаторых жыхароў вёскі Доктаравічы Капыльскага раёна шпіталізавалі ў лякарні Менска і Капыля з падазрэннем на каранавірус. Дзяцей, якія кантактавалі з настаўніцай, якая захварэла, на школьным аўтобусе адвезлі ў Капыль у бальніцу.