BE RU EN

Што адбываецца ў палескім аграгарадку, у жыхароў якога выявілі COVID-19

  • 31.03.2020, 21:06

Столькі людзей у масках яшчэ не бачыў ні адзін беларускі аграгарадок.

У канцы мінулага тыдня ў жыхара аграгарадка Ліпляны, што за тры кіламетры ад Лельчыц, выявілі COVID-19. Праз пару дзён каранавірус пацвердзіўся яшчэ ў двух чалавек, з якімі мужчына знаходзіўся ў кантакце. Дзясяткі людзей забралі на хуткіх і павезлі ў бальніцы Гомеля і Лельчыц. Што цяпер адбываецца ў палескай глыбінцы, у якой ніхто не чакаў такога развіцця падзей?

Столькі людзей у масках яшчэ, мабыць не бачыў ні адзін беларускі аграгарадок. Пасля суботняга перапалоху, калі акругу абляцела навіна, што ў вёсцы каранавірус, маскі надзелі прадаўцы, настаўнікі, дзеці, якія цяпер на вакацыях. І нават некаторыя работнікі мясцовай гаспадаркі перасоўваюцца па Ліплянах на сваіх роварах таксама ў масках, піша tut.by.

Сама кантора гаспадаркі «Новая ніва» ў аўторак раніцай на замку. Але вось за будынкам нейкі шум: адзіны сёння тут работнік кацельні сячэ дровы і адразу папярэджвае: гаварыць з журналістамі пра апошнія падзеі не будзе.

- Нічога не ведаю. Былі выходныя. Сёння прыйшоў - усё зачынена.

Мясцовыя хітра ўсміхаюцца ў маскі і разбягаюцца хто куды. У краме сустракаем хлопца, які кажа, што з выходных уся кантора ў бальніцы.

- Чалавек 30 павезлі. А я не баюся, я з канторскімі не кантактаваў, я на ферме, туды яны не ездзяць, - усміхаецца сярэдніх гадоў мужчына ў робе.

У сельскай ДК, у краме, у школе і дзіцячым садзе ўсе працаўнікі ў марлевых масках, на ўваходзе - дазатары з антысептыкам.

- Трэба далей жыць і ўсё перацярпець. Галоўнае - не панікаваць, - дае парады мясцовым у сельскай краме прадавец.

У школе распавядаюць, што ўстанова з канца лютага і так была на карантыне праз грып, а цяпер канікулы, таму дзяцей мала. Сёння вось прыйшоў адзін вучань, пазаймаўся з настаўнікам працы ў майстэрні - і пайшоў.

На вуліцы, дзе стаіць дом старшыні, не душы. Кажуць што гэта не праз каранавірус - проста тут днём заўсёды так.

З мясцовых жыхароў дома толькі пенсіянер Мацвей Мацвеевіч.

- Дачка прыязджала, кажа, што багата людзей у бальніцы завезлі. Сказала сядзець дома, а я не баюся гэтага віруса, калі што - пажыў, - паціскае плячыма мужчына.

На мехдвары гаспадаркі, якая ўміг засталася без кіраўніцтва, мужыкі рамантуюць тэхніку. Распавядаюць, што да таго, як у старшыні выявілі каранавірус, ён быў два тыдні на бальнічным з пнеўманіяй.

Мясцовая газета «Светлае жыццё» паведаміла, што мужчына паступіў у рэанімацыю з двухбаковай пнеўманіяй у пятніцу. На наступны дзень тэсты паказалі наяўнасць каранавіруса, і пацыент быў дастаўлены ў Гомельскую абласную інфекцыйную бальніцу.

Вядома, што ў бальніцы зараз і правая рука кіраўніка - галоўны інжынер ААТ «Новая ніва» Аляксандр Малых. Па тэлефоне ён кажа, што ён - кантакт першага ўзроўню, але адчувае сябе добра. З шасці чалавек, якіх паклалі разам з ім у палату, у траіх на сённяшні дзень дыягназ не пацвердзіўся. Некаторых ужо выпісваюць.

Колькі канкрэтна жыхароў раёна цяпер знаходзіцца пад наглядам як хворыя, а таксама кантакты першага і другога ўзроўняў, ні ў мясцовай бальніцы, ні ў райвыканкаме не гавораць.

У Лельчыцах, якія ўсяго за тры кіламетры ад аграгарадка, у жыхароў якога выявілі каранавірус, большасць людзей на вуліцах і ў крамах у масках.

У раённай бальніцы - асаблівы рэжым - для наведвальнікаў абавязковыя маска і бахілы, прафілактычныя агляды цяпер абмежаваныя. Планавыя агляды - скасаваныя. Інфекцыйнае аддзяленне перапрафілявалі пад казарменнае становішча, распавяла начмед Лельчыцкай ЦРБ Святлана Зубрэй.

Таксама, як паведаміла газеце «Светлае жыццё» загадчыца тэрапеўтычнага аддзялення цэнтральнай раённай бальніцы Святлана Герман, часова перапрафіляваная радзільня і гінекалагічнае аддзяленне, парадзіхі накіраваны ў Мазыр, для экстраных родаў прадугледжанае месца ў хірургічным аддзяленні. Хранічныя хворыя з тэрапіі аддзялення выпісаныя дадому.

Як паведамілі ў прэс-службе Гомельскага аблвыканкама, усяго на раніцу 31 сакавіка ў Гомельскай вобласці зарэгістравана 5 выпадкаў захворванняў на каранавірусную інфекцыю, з іх 1 хворы выпісаны з выздараўленнем, чатыры чалавекі працягваюць лячэнне ў стацыянарных умовах. У ходзе правядзення абследавання кантактных асоб выяўлена 3 выпадкі з папярэднім станоўчым тэстам на РНК каранавіруса SARS/2019-nCoV (COVID-19), якія шпіталізаваны ў інфекцыйны стацыянар.

Нагадаем, 31 сакавіка Міністэрства аховы здароўя перастала паведамляць колькасць асоб, што заразіліся каранавірусам у краіне.

Апошнія навіны