The Telegraph: Савудаўская Арабія выведзе здабычу нафты на максімальную магутнасць
- 1.04.2020, 9:05
Што адбудзецца з коштам нафты?
Савудаўская нафтагазавая капання «Савуда Арамка» (Saudi Aramco) папярэдзіла сваіх партнёраў, каб тыя рыхтаваліся да рэзкага павелічэння здабычы нафты, бо яна збіраецца вывесці здабычу на максімальную магутнасць, піша выданне The Telegraph (пераклад - inosmi.ru).
«Савуда Арамка» папрасіла, каб фірмы забяспечылі дастатковую колькасць персаналу і абсталявання, каб з серады павялічыць здабычу да 12 мільёнаў барэляў за дзень на «аглядную будучыню».
Сусветны рынак заліты нафтай праз жорсткую барацьбу паміж Расеяй і Савудаўскай Арабіяй за дзель рынку пасля таго, як два тыдні таму яны не змаглі дамовіцца аб далейшым скарачэнні здабычы для падтрымання кошту нафты.
У аўторак, на фоне заяў ЗША і Расеі пра намер правесці перамовы аб пытанні стабілізацыі энэргетычнага рынку пасля падзення кошту нафты ў выніку значнага павелічэння аб'ёму здабычы і падзення попыту, кошты падскочылі. Савудаўская Арабія заявіла аб сваім нежаданні ўдзельнічаць у якіх-небудзь перамовах.
Дональд Трамп і Уладзімір Пуцін збіраюцца разгледзець, што можна зрабіць, каб усталяваць ніжні парог кошту сырой нафты пасля таго, як менш чым за месяц яна патаннела ўдвая.
Пасля заяў аб планаваных перамовах кошт нафты маркі Brent падняўся прыкладна на 2%, але затым упаў да адзнакі ніжэй за 23 даляры за барэль. У пачатку сакавіка яна складала больш за 50 даляраў. Кошт амерыканскай нафты склаў 20,28 даляра за барэль.
Нафтавы рынак абрынуўся ў выніку падзення сусветнага попыту, паколькі ў мэтах барацьбы з распаўсюджваннем каранавіруса былі прыпыненыя пасажырскія перавозкі і гандаль на фоне значнай перанасычанасці рынку.
З паведамлення Крамля, у панядзелак увечары падчас тэлефоннай размовы Дональд Трамп і Уладзімір Пуцін дамовіліся, што прадстаўнікі кіраўніцтва энэргетычнай галіны дзвюх краін павінны абмеркаваць пытанне пра спосабы стабілізацыі нафтавых рынкаў.
Некаторыя аналітыкі прагназуюць, што ў шэрагу рэгіёнаў кошты нафты могуць стаць адмоўнымі, калі ўзнікне дэфіцыт магутнасцяў для захоўвання нафты, і кампаніям давядзецца плаціць пакупнікам, каб пазбавіцца ад лішкаў.
На мінулым тыдні амерыканскія сэнатары-рэспубліканцы абвінавацілі Расею і Савудаўскую Арабію ў тым, што, тыя, абрынуўшы кошт нафты, пачалі «эканамічную вайну» супраць Амерыкі.
У лісце дзяржсакратару Майку Пампэа яны напісалі: «Мы старанна выбіралі гэты тэрмін і разумеем усю сур'ёзнасць яго значэння».
Падзенне кошту нафты стала ударам для амерыканскіх вытворцаў сланцавай нафты, і шмат каму з іх пагражае банкруцтва.
Пры гэтым праз падзенне коштаў на нафту кампанія «Шэл» (Shell) у першым квартале 2020 года была вымушаная спісаць актывы на 800 мільёнаў даляраў.
Энэргетычны гігант папярэдзіў, што праз падзенне коштаў у яго працы паўсталі цяжкасці, а праз хуткае распаўсюджвання каранавіруса COVID-19 паўстала «значная няпэўнасць» у дачыненні да коштаў і попыту на нафту і газ у астатнюю частку года.
У абноўленай квартальнай справаздачы кампаніі гаворыцца, што праз каранавірус яна панізіць свой прагноз на астатнюю частку года.
У першым квартале чакалася зніжэнне кампаніяй аб'ёмаў здабычы нафты і звадкаванага прыроднага газу.
Акцыі «Шэл» упалі амаль на 8% да 13,59 фунта стэрлінгаў, хоць у пачатку года іх цана складала больш за 25 фунтаў стэрлінгаў.
Як паведамляе выданне «Блумбэрг» (Bloomberg), «Савуда Арамка» таксама разглядае магчымасць продажу дзелі ў сваім трубаправодным падраздзяленні, каб зарабіць блізу 10 мільярдаў даляраў.
Найбуйнейшаму ў свеце вытворцу нафты, мабыць, трэба прыцягнуць сродкі для выплаты ў гэтым годзе дывідэндаў сумай 75 мільярдаў даляраў і выплаты першага ўзносу ў рамках угоды аб куплі дзелі ў сааудаўскай нафтахімічнай кампаніі «Савуда Бэйсік Індастрыз» (Saudi Basic Industries Corp.) за 70 мільярдаў даляраў.
На просьбу выдання «Блумбэрг» пракаментаваць гэтую інфармацыю ў кампаніі «Савуда Арамка» не адказалі.