BE RU EN

Качагары пякельнай вахты

  • Максім Вінярскі
  • 1.04.2020, 12:03

Нам усім трэба вызначыцца, як пазбавіцца ад Лукашэнкі.

Пакуль усе суседзі робяць экстраныя захады для запаволення распаўсюджвання пандэміі, у Беларусі мы бачым толькі прагрэс вар'яцтва дыктатара.

Следам за Лукашэнкам, які не хоча заўважаць пандэмію, рухаюцца і іншыя структуры - ад міністраў да простых выканаўцаў. Міліцыя ганяецца за блогерамі, якія спрабуюць даведацца праўдзівую інфармацыю аб тым, што адбываецца. Міністэрства аховы здароўя загадвае рэбусы і гуляе ў маўчанку. Лекары, якіх шантажуюць падпіскай пра невыдаванне, сарамліва хаваюць вочы, калі ў іх пытаюцца пра колькасць тых, хто захварэў. Нават кантралёры ў грамадскім транспарце ўпарта робяць выгляд, што іх шэрыя і сінія камізэлькі здольныя абараніць іх ад віруса.

Да Лукашэнкі пытанняў няма, дыктатар ужо шмат гадоў уважае сябе за істоту вышэйшага парадку, якой не страшныя праблемы простых смяротных, а вось астатнім варта задумацца. Вірусу абыякавыя вашыя пасады і рангі, ад яго не абараніцца ніякай уніформай, акрамя касцюма хімабароны. Яго не стукнуць дубінкай, не аштрафаваць і не пасадзіць. Службовае пасведчанне яму не пакажаш. Дэкрэтам не забароніш.

Зрэшты, як кажуць дурань-дурнем, а мыла не есць. Разлікі дыктатара зразумелыя. Ён гатовы дазволіць беларусам прайсці "тэст на выжыванне". Глядзіш, і пенсіянераў стане менш, і з беспрацоўем смяротнасць дапаможа справіцца. Таму і не абвяшчае карантын, не спыняе працу прадпрыемстваў, не заклікае да самаізаляцыі.

Яго халуі як звычайна робяць тое ж самае: мітусяцца і дэманструюць імкненне: "Ты вахты, не закончыўшы, не павінен кідаць, механік табой незадаволены... "Толькі забыліся, як закончыў гэты самы качагар - яго труп выкінулі за борт парахода з жалязякай прывязанай да ног.

Для Лукашэнкі мы ўсе расходны матэрыял - і простыя жыхары, і лекары, і нават ягоныя міністры. Усіх, калі што, - за борт. І тых, хто аддаваў злачынныя загады, і тых, хто іх выконваў. Мы ўсе - у яго ў закладніках. І нам усім трэба вызначаць, як ад яго пазбавіцца. Пакуль яшчэ не позна.

Максім Вінярскі, прэс-служба грамадзянскай кампаніі "Еўрапейская Беларусь"

Апошнія навіны