Фанаты берасцейскага, менскага «Дынама» і БАТЭ далучыліся да байкоту чэмпіянату Беларусі
- 1.04.2020, 20:41
Заўзятары не будуць наведваць матчы праз каронавірус.
Заўзятары берасцейскага «Дынама» размясцілі зварот у сувязі з цяжкім эпідэміялагічным становішчам.
«BWD часова прыпыняе актыўную падтрымку хатніх і выязных матчаў каманды ва ўмовах эпідэміялагічнага становішча, якое склалася, і заклікае ў гэткі складаны час усіх берасцейцаў паклапаціцца ў першую чаргу пра сваё здароўе, і пра здароўе блізкіх вам людзей», - гаворыцца ў паведамленні.
Фанаты менскага «Дынама» таксама заявілі пра тое, што прыпыняюць наведванне і хатніх, і выязных матчаў каманды праз сітуацыі з каранавірусам.
«Сябры! Актыву нашага сектара няпроста далося рашэнне, пра якое мы зараз Вам абвясцім.
Мы ўсе выдатна разумеем, якую небяспеку тоіць у сабе распаўсюд каранавіруса ў краіне. На прыкладзе заходніх краін мы бачым, да якой катастрофы можа прывесці бязладнасць насельніцтва і халатнасць уладаў.
Мы да апошняга ішлі на сектар, каб падтрымаць нашу каманду, мы чакалі разумнай пастановы федэрацыі аб прыпыненні спаборніцтваў, але, відаць, адзіныя ў свеце мудрыя кіраўнікі працуюць толькі ў АБФФ.
Мы прымаем рашэнне і заклікаем усіх фанатаў і заўзятараў «Дынама» Менск, і іншых футбольных клубаў Беларусі ўстрымацца ад наведвання стадыёнаў. Падумайце пра Вашых пажылых сваякоў, людзей з хранічнымі захворваннямі, а таксама пра медыкаў, якім яшчэ толькі трэба будзе вынесці ўвесь груз барацьбы з каранавірусам.
Таксама мы спадзяёмся на разуменне з боку каманды. Хлопцы, ведайце, хай нас не будзе побач, мы ўсе з запалам у сэрцах сочым за вамі і жадаем вам толькі перамогі!
Заставайцеся дома, выконвайце правілы асабістай гігіены, беражыце сябе і сваіх родных!» - гаворыцца ў паведамленні.
Услед за «Дынама» фанаты БАТЭ закрываюць сектар актыўнай падтрымкі на ўсіх матчах клуба праз каранавірус.
«Паважаныя фанаты і заўзятары БАТЭ!
З улікам бягучай сітуацыі, разумеючы сур'ёзнасць і пагрозу здароўю і жыццю кожнага чалавека, мы падтрымліваем ініцыятыву самаізаляцыі і закрываем сектар актыўнай падтрымкі. Гэты прымусовы карантын прымяняецца да хатніх і выязных матчаў і працягнецца да стабілізацыі сітуацыі ў краіне, звязанай з каранавірусам.
Мы заклікаем усіх паставіцца да праблемы сур'ёзна і максімальна ізаляваць сябе, клапаціцца пра сябе і сваіх блізкіх. Спадзяёмся на лепшае і жадаем усім здароўя!» - гаворыцца ў заяве.
Раней фанаты «Нёмана» і «Шахцёра» таксама паведамілі пра прыпыненне наведвання матчаў.