Ізраіль вырабляе апараты ШВЛ на ракетным канвееры
- 1.04.2020, 21:05
Міністэрства абароны Ізраіля ўжо перадало 30 апаратаў ШВЛ міністэрству аховы здароўя.
Рыхтуючыся да хуткага распаўсюджвання каранавіруса, Ізраіль перабудаваў тэхналагічную лінію вытворчасці ракет для вырабу апаратаў штучнай вентыляцыі лёгкіх. 30 апаратаў ШВЛ ужо перададзеныя міністэрству аховы здароўя, пацвердзіла прадстаўніца Міністэрства абароны ў сераду, 1 красавіка, паведамляе DW.
Міністр абароны Нафталі Бенет заявіў, што ў барацьбе супраць пнеўманіі COVID-19 Ізраіль павінен развіваць незалежны патэнцыял ва ўсіх сферах. «Мы не можам заставацца залежнымі ад паставак з іншых краін», - падкрэсліў Бенет. З ягоных слоў, на фоне недахопу апаратаў ШВЛ у краіне і ва ўсім свеце ізраільскае вайсковае ведамства запусціла вытворчую лінію сумесна з кампаніяй Inovytec, якая займаецца распрацоўкай сродкаў інтэнсіўнай тэрапіі, і аэракасмічнага дзяржаўнага канцэрна Israel Aerospace Industries (IAI).
Згодна з інфармацыяй на сайце Inovytec, гаворка ідзе пра партатыўныя прыборы памерам з аўтамабільны радыёпрымач, якія могуць прымяняцца для вентыляцыі лёгкіх як у дзяцей, так і ў дарослых.
У Ізраілі, паводле звестак Міністэрства аховы здароўя, вірусам новага тыпу SARS-CoV-2 інфіцыраваны 5591 чалавек, 23 памерлі, 226 - ачунялі.