«Жанчына насупраць памерла - такая вось пнеўманія»
- 2.04.2020, 8:14
Як выглядае Віцебск праз месяц пасля выяўлення першага хворага каранавіруснай інфекцыяй.
Прайшоў месяц з таго моманту, як у Віцебску выявілі першага хворага каранавірусам. Сітуацыя ў горадзе за гэты час пагоршылася, але дакладнай колькасці хворых ніхто не ведае, бо Міністэрства аховы здароўя перастала лакалізаваць новыя выпадкі, паведамляе «Белсат».
Першапачаткова пацыентаў з каранавірус размяшчалі ў Інфекцыйнай больніцы. Цяпер тэрыторыя вакол установы зачыненая, перакрылі нават сцежку, якая праходзіла паміж лякарняй і тубдыспансерам.
Адзіны дазволены спосаб патрапіць на тэрыторыю – прахадная, якую кантралюе ахоўнік. Але пускаюць унутр выключна супрацоўнікаў. Візіту журналістаў ахоўнік не рады. Але да больніцы часам падыходзяць людзі з пакетамі – сваякі тых, хто цяпер ляжыць унутры. Пакеты ў людзей забіраюць тут жа на прахадной і потым персанал іх перадае хворым.
– Усё перадаюць, але на тэрыторыю не пускаюць – і правільна робяць, – гаворыць віцяблянка, аднак на далейшую размову не згаджаецца.
Па суседстве з інфекцыйнай больніцай размешчаны будынак тубдыспансеру, у якім пры жаданні можна здаць аналіз на каранавірус. Час ад часу туды заходзяць гараджане.
– Я прыляцела з В’етнаму і ў сувязі з усёй гэтай сітуацыяй у Беларусі вырашыла здаць аналіз, каб быць спакойнай. Ляцела транзітам праз Маскву. Я даўно не жыву ў Беларусі. Проста таму, што ўсё перакрытае было, была вымушаная вярнуцца [у Беларусь. – Belsat.eu]. Пакуль цяпер такая сітуацыя, пабуду тут, – гаворыць жанчына ў масцы.
Віцебская гарадская клінічная больніца №1 выглядае больш даступнай. Тут адсутнічае агароджа па перыметры тэрыторыі, а ў сам будынак пакуль можа патрапіць кожны. Перад уваходам мы сустракаем мужчыну, які прадстаўляецца Ігарам. Ён у масцы і з пакетам. Мужчына адляжаў з пнеўманіяй 18 дзён і толькі сёння выпісаўся.
– 13 чысла я клаўся – напэўна, першым паступіў. Недзе на працягу тыдня пасля 13-га чысла, ужо 60 чалавек было ў аддзяленні. У мяне была пнеўманія двухбаковая, як і ва ўсіх у прынцыпе. Аналізы бралі, так, здаваў – давалі адмоўныя вынікі. Ніхто нічога не расказвае [пра хворых на каранавірус у больніцы. – Belsat.eu], – кажа Ігар.
Мужчына пацвярджае віцебскія чуткі пра вялікую колькасць хворых з пнеўманіяй у горадзе ды распавядае пра становішча ўнутры больніцы:
– У палаце ляжалі натоўпам – усе з пнеўманіяй. Страшна, вельмі страшна. Пры нас паступіла жанчына, яна на нашым паверсе ў палаце насупраць ляжала. Памерла. Гавораць, што пнеўманія была. Вось такая вось пнеўманія. Вельмі цяжкая. Увесь персанал ходзіць у касцюмах, але ніхто нічога не гаворыць. Усе баяцца. Многа персаналу на бальнічным, не ведаю, з чым яны. Ніхто зноў жа нічога не гаворыць. Усе хочуць працаваць, ва ўсіх сем’і, сем’і карміць трэба – таму маўчаць. Усё як звычайна, у прынцыпе.
На фоне пагаршэння становішча ў горадзе Віцебскі гарвыканкам 27 сакавіка зацвердзіў план дадатковых мерапрыемстваў па прафілактыцы і зніжэнні распаўсюджвання каранавіруса і іншых рэспіратарных інфекцый. У адным з пунктаў гэтага плану гаворыцца, што ў ВНУ, каледжах і ліцэях мусяць скасаваць групавыя заняткі і перавесці навучэнцаў на дыстанцыйнае навучанне. У якой форме гэтае рашэнне рэалізавалі на практыцы, мы паспрабавалі даведацца ў саміх навучэнцаў.
– У нас вольнае наведванне. Хто не на вольным, той ходзіць на пары. Вольнае наведванне выдаюць як даведку проста. Выдаюць усім, хто хоча, хто піша заяву. Але ёсць такія, што і не хочуць. Пары праводзяцца, але не ўсе. Пакуль заявы пісалі толькі на тыдзень, а далей па сітуацыі будуць працягваць, – распавядае Савелій, студэнт універсітэту імя Машэрава.
Але ў той жа час студэнты ветэрынарнай акадэміі гавораць, што ў іх навучальнай установе плану гарвыканкама не прытрымліваюцца:
– Мы вучымся. Свабоднага графіку няма, мы ўжо папрасілі – нам хапіла: пяць параў паставілі. Лекцыі ў выніку замянілі на практычныя. Выйшла так, што самыя складаныя прадметы дадаліся. Зараз нам кажуць, што яшчэ загаду ад Віцебску не паступала, каб уводзіць каранцін.
Суседні медычны ўніверсітэт таксама па-свойму ўспрыняў рашэнне віцебскіх уладаў. Заняткі тут не праводзяцца толькі для студэнтаў асобных курсаў.
– У 3-6 курсаў пары скарацілі, але яны ёсць, і пакуль іх адмяняць ніхто не плануе. 1-2 курсы – дома. Як мне здаецца, усім пляваць на сітуацыю. На 6 курсе дваіх забралі ў больніцу ў Бараўляны, калі не памыляюся. Афіцыйна віруса ў іх няма, атыповая пнеўманія, як і ва ўсіх, але нашы [студэнты. – Belsat.eu] гавораць, што ёсць. У нас увогуле ўсё гэта абмяркоўваецца толькі паміж студэнтамі. Заняткі, якія праводзіліся ў больніцах, перанеслі. Цяпер толькі ва ўніверсітэце і ў цэнтры сімуляцыйнай падрыхтоўкі, – гаворыць студэнтка медычнага ўніверсітэту.
Адсутнасць інфармацыі пра дакладную колькасць хворых на каранавірус у Віцебску спараджае шматлікія чуткі ў горадзе ды сеціве. Калі раней віцябляне пра гэта больш жартавалі, цяпер сітуацыю пачынаюць успрымаць больш сурʼёзна. Паўплывала на адносіны да хваробы і першая афіцыйная смерць ад каранавіруса – актора тэатру імя Якуба Коласа Віктара Дашкевіча. Людзей на вуліцах відавочна стала менш, а сярод мінакоў павялічылася колькасць тых, хто носіць маскі ды пальчаткі.