Выбары ў ЗША: Байдэн заклікаў адкласці вылучэнне апанента Трампа
- 2.04.2020, 10:48
Дэмакратычны з'езд могуць перанесці на жнівень.
Былы віцэ-прэзідэнт ЗША Джо Байдэн у сераду ўвечары заклікаў перанесці нацыянальны з'езд Дэмакратычнай партыі, на якім павінен быць вылучаны апанент Дональда Трампа на прэзідэнцкіх выбарах у лістападзе, праз пандэмію каранавіруса.
Пра гэта паведамляе "Еўрапейская праўда" са спасылкай на The New York Times.
Байдэн прапануе перанесці партыйны сход з сярэдзіны ліпеня на жнівень.
"Я сумняваюся, што дэмакратычны з'езд зможа адбыцца ў сярэдзіне ліпеня, у пачатку ліпеня. Думаю, яго давядзецца перанесці на жнівень", - сказаў Байдэн у тэлешоў Джымі Фэлан на канале NBC.
Байдэн другі раз за два дні паставіў пад сумнеў тэрміны правядзення з'езда, які запланаваны з 13 да 16 ліпеня ў Мілуокі. У аўторак ён сказаў у інтэрв'ю MSNBC, што "цяжка ўявіць", каб з'езд дэмакратаў прайшоў, як было запланавана раней.
З нагоды прызначэння на 3 лістапада ўсеагульных выбараў Байдэн сказаў, што ўладам варта падрыхтаваць больш бюлетэняў для дыстанцыйнага галасавання, а таксама разгледзець магчымасць правядзення віртуальнага галасавання.
Старшыя чальцы Дэмакратычнай партыі прагназавалі, што партыя атрымае свайго кандыдата ў прэзідэнты ў канцы красавіка. Але праз пандэмію каранавіруса многія штаты адклалі правядзенне праймерыз - унутрыпартыйных выбараў, на якіх кандыдаты ад дэмакратаў змагаюцца за партыйную намінацыю на прэзідэнцкіх выбарах.
У перадвыбарнай гонцы Байдэн апярэджвае свайго апанента сэнатара Берні Сандэрса паводле колькасці дэлегатаў. На апошніх праймерыз у сярэдзіне сакавіка былы віцэ-прэзідэнт выйграў з вялікім адрывам у Фларыдзе ды Ілінойсе, а таксама перамог у Арызоне, дабіўшыся амаль вызначальнага лідарства.