BE RU EN

«Баста»: Лекары кажуць, што ў Менску няма тэстаў на COVID-19, а клінікі перапоўненыя

  • 2.04.2020, 10:50

Людзям з сімптомамі каранавіруса адмаўляюць у шпіталізацыі.

З'явілася вельмі шмат паведамленняў пра тое, што пры наяўнасці ўсіх сімптомаў каранавіруса або пацверджаных кантактаў з інфікаванымі хворымі, тэсты тым, хто звяртаецца да медыкаў, не робяць і адмаўляюць у шпіталізацыі. Лекары кажуць, што няма ні тэстаў, ні месцаў у шпіталях, піша тэлеграм-канал «Баста».

«Мой брат і ягоная жонка (працуе з дзецьмі) вельмі моцна захварэлі. Паднялася тэмпература, кашаль. Балела ў грудзях, усё цела балела. Выклікалі лекара, прасілі зрабіць тэст на каранавірус. У іх пацікавіліся, ці прыехалі яны з Еўропы. Так, як яны не выязджалі з краіны апошнім часам, тэст рабіць адмовіліся. Сказалі, што робяць тэсты толькі тым, хто прыбыў з-за мяжы і хворы», - піша чытачка канала з Менска.

Яшчэ адно паведамленне, таксама з Менска: «Працую ў «Еўраопце» ва Уруччы. Учора мне і яшчэ некаторым калегам паведамілі, што мы кантакты першага ўзроўню. Пры гэтым да канца змены заставаліся на працы. Сёння раніцай патэлефанавалі, спыталі як самаадчуванне, ці ёсць тэмпература. Сказалі на працу не выходзіць, сядзець дома. Звяртацца да лекараў - толькі калі будуць сімптомы».

«Тэстаў няма. На звароты са скаргамі на падвышаную тэмпературу проста не рэагуем. Лякарня запоўненая. Начаваў на працы, - паведаміла крыніца «Басты», якая працуе ў 4-ым клінічны шпіталі ў Менску.

Апошнія навіны