Светлагорск, Баранавічы, Жодзіна, Шчучын: Эпідэмія каранавірусу ахоплівае Беларусь
- 2.04.2020, 13:45
Інфармацыя з рэгіёнаў, якую пацвердзілі з розных крыніцаў.
Тэлеграм-канал «Баста» сабраў інфармацыю з розных рэгіёнаў Беларусі, якую змаглі праверыць і пацвердзіць з розных крыніцаў.
Светлагорск. 1 красавіка забралі жанчыну з басейна з сімптомамі каранавірусу, пачала задыхацца. Цяпер знаходзіцца ў рэанімацыі ў Цэнтральнай раённай лякарні.
Баранавічы. Супрацоўнік Чыгуначнай лякарні (Слонімская шаша, 8) паведамляе, што ўстанова зачыненая на карантын. Туды звозяць усіх пацыентаў з пнеўманіяй і сімптомамі каранавірусу.
Жодзіна. Новы тэрапеўтычны корпус Цэнтральнай гарадской лякарні вызваляюць для прыёму пацыентаў з пнеўманіяй і каранавірусам. Інфармацыя ад медсупрацоўнікаў.
Мазыр. Студэнтка Мазырскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта шпіталізаваная з падазрэннем на каранавірус.
Шчучын. Цэнтральная раённая лякарня. Вусны загад галоўнага лекара Загароўскага Івана Уладзіміравіча: бачыце сімптомы каранавірусу – пішыце «пнеўманія», каб не псаваць статыстыку. Любы, хто напіша хоць нешта пра каранавірус – заява на звальненне. Інфармацыя ад супрацоўнікаў лякарні.
Берасце. Берасцейская абласная лякарня. Учора паступіла пажылая жанчына (узрост 80 гадоў) са Столінскага раёна, вынік тэсту станоўчы на Covid-19. Прывезлі ўсіх сваякоў, і яны праходзяць праверку. Жанчына адна ляжыць у боксе. Меркавана заразілася ад дачкі, якая жыве ў Гомелі.
Пінскі раён. Інфекцыйная лякарня ў вёсцы Малоткавічы. Месцаў няма, ва ўсіх пнеўманія, тэст на каранавірус нікому не робяць. Спасылаюцца на загад абласнога кіраўніцтва.
Сцягвайце і ўсталёўвайце мэсэнджар Telegram на свой смартфон або кампутар, падпісвайцеся (кнопка «Далучыцца») на канал «Баста» і стварайце гісторыю свабоднай Беларусі.