Каранавірус у Гішпаніі: Амаль 1000 памерлых за дзень
- 2.04.2020, 14:04
Агульная колькасць ахвяраў – больш за 10 000.
У Гішпаніі колькасць памерлых ад каранавірусу перавысіла 10 тысячаў, цягам дня памерлі 950 чалавек – максімум з пачатку эпідэміі.
Пра гэта паведамляе "Еўрапейская праўда" са спасылкай на звесткі Міністэрства аховы здароўя Гішпаніі.
На стан 2 красавіка ў Гішпаніі зарэгістравалі 10 003 смерці ад каранавірусу.
Колькасць заражаных вырасла да 110 238 – гэта на 8102 больш, чым напярэдадні. Варта адзначыць, што дзень таму рост складаў 7719 выпадкаў.
Шпіталізаваныя пакуль 54 113 чалавек. Больш за 6000 знаходзяцца ў рэанімацыі.
Таксама з пачатку эпідэміі вылечыліся 26 743 чалавекі.
Нагадаем, 30 сакавіка ўрад Гішпаніі ўхваліў узмацненне захаду для стрымлівання распаўсюджвання каранавірусу.