Мітрапаліт Павел праляцеў над Беларуссю на самалёце за $5 мільёнаў
- 2.04.2020, 16:23
Паглядзіце схему маршруту.
2 красавіка з 9 да 12 гадзін мітрапаліт Павел праляцеў над Беларуссю з галоўнымі святынямі - шанаванымі копіямі крыжа прападобнай Ефрасінні, ігуменні Полацкай, і Жыровіцкага абраза Божай Маці, а таксама крыжам з мошчамі, з малітвай аб спыненні распаўсюджвання каранавіруснай інфекцыі. Аб планах такога палёту распавёў яшчэ перад вылетам прэс-сакратар беларускага экзархата Сяргей Лепін, паведамляе «Радыё Свабода».
«Палёт адбудзецца, калі надвор'е ці іншыя абставіны будуць у парадку», - сказаў ён.
Як паведамляе сайт Flightradar, мітрапаліт Павел скарыстаўся паслугамі беларускай кампаніі BySky, у якой можна арандаваць лёгкія аднаматорныя самалёты бізнэс-авіяцыі. Паводле звестак сайта, палёт усцяж беларускай мяжы праходзіў на самалёце швайцарскай маркі Pilatus (мадэль PC-12/47E, коштам блізу 5 мільёнаў даляраў). У кампаніі адмовіліся каментаваць той факт, што іх самалёты абляцелі межы краіны, а таксама магчымыя выдаткі на такі маршрут.
Экспэрт ацаніў камерцыйны кошт такога палёту на суму «да 5000 даляраў». Аднак кошт такіх паслуг залежыць ад шматлікіх фактараў, акрамя таго, такія рэйсы могуць выконвацца на асаблівых умовах замовы.
Паводле інфармацыі сайта flightradar24 вынікае, што мітрапаліт абляцеў усе абласныя цэнтры, сярэдняя вышыня палёту склала прыкладна 3,5 км. Частка краіны (напрыклад, Ашмянскі, Астравецкі і Смаргонскі раёны) засталася па-за трасай.