Павал Севярынец: У каранавірусе Беларусь выйшла на сцэнар горшы за італьянскі
- 2.05.2020, 8:04
Гэтага людзі Лукашэнку ніколі не даруюць.
Адзін з лідараў Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Павал Севярынец, які заклікаў разам з іншымі апазіцыйнымі палітыкамі да падаўжэння Народнага карантыну да канца траўня, ацаніў у інтэрв'ю Charter97.org сітуацыю з эпідэміяй COVID-19 у краіне.
– Нават паводле афіцыйных звестак, нашы тэмпы росту захворвання на каранавірус – самыя вялікія ў Еўропе. Мы выдатна ведаем, што Міністэрства аховы здароўя нам бессаромна хлусіць.
З дапамогай звестак, якія трапляюць у незалежныя СМІ, Міністэрства аховы здароўя не раз лавілі на хлусні і прыніжэнні статыстыкі па COVID-19. Гэта азначае, што сітуацыя ў краіне – яшчэ страшнейшая. Магчыма, тую колькасць захварэлых і памерлых, якая ёсць у справаздачах Міністэрства аховы здароўя, трэба памнажаць у некалькі разоў.
Такое высокае захворванне і смяротнасць – гэта прамыя наступствы палітыкі Лукашэнкі, які адчыніў браму перад каранавірусам. Чаму ён гэта зрабіў? Думаю, у свой час з гэтым будзе разбірацца незалежны суд.
Тое, што зроблена ўладай на сёння, – гэта злачынства. Звесткі пра смерці медыкаў, факты пра тое, як каранавірус «косіць» сям'і, дзе захварэлі ўсе, – гэта кажа пра тое, што мы выйшлі на сцэнар эпідэміі горшы за італьянскі.
А ў нас наперадзе яшчэ парад 9 траўня і заняткі ў школе, на якія дзяцей заганяюць, прымушаюць настаўнікаў тэлефанаваць бацькам і цягнуць іх туды. Гэта прывядзе да яшчэ большага распаўсюджвання каранавірусу. Медыкі не забяспечаныя патрэбнымі сродкамі абароны, псіхалагічны фон найстрашнейшы. А Лукашэнка ў гэты час абражае тых, хто памёр, у тым ліку і лекараў. Гэта дэманічная палітыка – інакш не скажаш.
Супрацоўнікі Сусветнай арганізацыі здароўя (САЗ) растлумачылі, што без фізічнага дыстанцыявання нельга прыпыніць вірус. Цалкам яго спыніць немагчыма: усё, ён ужо гуляе па Беларусі. Але для таго каб не перагружаць медыцынскую сістэму, каб стомленыя лекары маглі аказваць дапамогу, каб магла справіцца наша слабая сістэма аховы здароўя, трэба хаця б прыпыніць эпідэмію захадамі фізічнага дыстанцыявання.
Таму лідары апазіцыі заклікалі ўчора беларусаў падоўжыць Народны карантын да канца траўня.
– У вас – велізарная аўдыторыя ў сацыяльных сетках. Што вы можаце сказаць пра настроі ў людзей? Пра што яны часцей за ўсё пішуць у сувязі з каранавірусам?
– У пачатку красавіка асноўным настроем быў скепсіс. Многія не верылі, што каранавірус – гэта рэальная праблема.
Але ўжо пасля гэтага, як стала з'яўляцца інфармацыя пра першыя смерці, настрой рэзка змяніўся. Людзі пачалі выкладаць інфармацыю пра свае гарады, вёскі, мікрараёны, дзе шалее каранавірус, і да іх дайшоў увесь маштаб гэтай бяды.
Цяпер я бачу, што ў менскім метро – у тры разы менш людзей, чым звычайна. Нават у гадзіну пік едуць паўпустыя вагоны. Гэта азначае, што Народны карантын спрацаваў і людзі нарэшце зразумелі, што нам пагражае. З настрояў у сацыяльных сетках гэта добра відаць – і ў Менску асабліва.
– Якія эпізоды, звязаныя з эпідэміяй каранавірусу ў Беларусі, уразілі вас і вашых знаёмых больш за ўсё?
– На першым месцы ў эмацыйнай рэакцыі – гэта, безумоўна, асабістыя паводзіны Лукашэнкі. Я чую велізарную колькасць абураных галасоў з нагоды таго, як ён пагарджае людзьмі, асабліва тымі, хто памёр, а таксама медыкамі, якія знаходзяцца на перадавой. Гэта – проста за мяжой маралі. Я ўпэўнены, што гэтага беларусы Лукашэнку ніколі не даруюць. Эпідэмія канчаткова паказала, хто ёсць хто. Ёсць рэчы, якія беларусы могуць забыцца – але толькі не гэтыя хамскія паводзіны падчас смяротнай пандэміі.
Па-другое, цяпер проста ўражваюць свядомасць шматлікія гісторыі пра цэлыя сем'і, якія захварэлі на каранавірус. Там часам проста няма каму дапамагчы сваім родным, няма за што хапацца, як той казаў. Адных забіраюць у лякарні, іншыя не могуць нічога зрабіць, таму што самі знаходзяцца на ізаляцыі.
І, вядома, людзей абурае, што да ўсяго гэтага прывяла цынічная палітыка Лукашэнкі.
– Вы неяк сказалі, што ў Лукашэнкі «д'ябальская логіка падчас эпідэміі»...
– Разумееце, Лукашэнка – гэта апантаны чалавек. Ён сам хоча быць такім жа злом, як каранавірус. Сваёй палітыкай ён як бы кажа людзям: памірайце.
Ва ўмовах эпідэміі ён фактычна мае ролю дэмана. Я не сказаў бы, што ён сам д'ябал, таму што і ў дэманічным свеце ёсць свая іерархія... Хутчэй, ён – падначалены чорт, які выкарыстоўвае нечалавечыя сілы і ператварае 9-мільённую краіну ў поле для смяротнага эксперыменту.
Таму я ўжо казаў і паўтару, што ў Лукашэнкі – свая д'ябальская логіка, якая з'яўляецца злом у чыстым выглядзе.
– Што можна супрацьпаставіць гэтаму «абсалютнага злу»?
– Паколькі гэта духоўная справа, тут патрэбен крок насустрач Богу і насуперак д'яблу. Крок насустрач праўдзе, свабодзе і справядлівасці.
Мы павінна практыкаваць непадпарадкаванне злу. Мы не павінны аддаваць дзяцей у школы ў разгар эпідэміі, мы не павінны хадзіць на ўсякага кшталту спартакіяды, парады, суботнікі. Калі ў кагосьці наведванне гэтых «мерапрыемстваў» звязанае з заробкам або працай, можна знайсці тысячы прычынаў, як туды не пайсці.
Таксама мы павінны разумець, што проста «галасавання» на найбліжэйшых так званых «выбарах» для ліквідацыі гэтага зла не дастаткова. Нам патрэбныя масавы пратэст і агульнанацыянальная забастоўка. Нам патрэбны байкот эканамічных апораў гэтага рэжыму.
Трэба будзе ісці на пэўныя намаганні волі, таму што няма сэнсу проста так сядзець і чакаць, што нас нехта выратуе: герой-апазіцыянер або Гасподзь Бог. Бог без нашай волі і намаганняў не зможа нас выратаваць. Кожны з нас павінен будзе зрабіць свой крок, і мы можам гэта зрабіць.
Непадпарадкаванне злу – гэта ў першую чаргу эканамічны байкот рэжыму (годзе яго карміць!), гэта выхад на масавыя акцыі пасля заканчэння эпідэміі і агульнанацыянальная забастоўка. Іншых спосабаў я не бачу. Трэба ўсім народам супрацьстаяць чалавеку, які фактычна арганізаваў генацыд насельніцтва ў Беларусі.
Незадаволенасць людзей назбірваецца. Эканамічны шок мы адчуем пазней, таму што дзеянні Лукашэнкі не «ратуюць» эканоміку, а наадварот, прыводзяць да яе разбурэння.
Эканоміка – гэта ў першую чаргу людзі. Калі яны разумеюць, што ўлады абыходзяцца з імі, як з «гарматным мясам» і перастаюць iм верыць, эканоміка сыходзіць у цень, руйнуюцца ўсе яе асновы.
Думаю, што да канца лета – пачатку восені мы атрымаем сітуацыю, блізкую да катастрафічнай. Тут важна, каб гэтым не скарысталіся знешнія сілы, у першую чаргу Крэмль. Для таго каб супрацьстаяць рэжыму Лукашэнкі, нам трэба аб'ядноўвацца на аснове яснай маральнай платформы, на аснове каштоўнасцяў беларускай незалежнасці. Іншых варыянтаў няма.