Святлана Ціханоўская сабрала стадыён у Маладзечне (відэа, онлайн)
- 31.07.2020, 15:27
Прыйшлі больш за пяць тысяч чалавек.
Аб'яднаны штаб кандыдаткі ў прэзідэнты Святланы Ціханоўскай правёў мітынг у Маладзечне. Акцыя прайшла на стадыёне на вуліцы Машэрава.
Нагадаем, сёння ўжо прайшла акцыя ў Смаргоні, якая сабрала больш за тысячу чалавек.
17:17 Мітынг у Маладзечне падыходзіць да канца. Наперадзе ў аб'яднанага штаба яшчэ адзін горад - Ліда. Сустрэча адбудзецца а 19:00.
17:12 Тысячы маладзечанцаў і ўзрушаючая падтрымка!
17:11 Гучыць песня «Разбуры муры», якую запісаў Сяргей Ціханоўскі з беларускімі музыкамі.
17:09 «Уся Беларусь стаіць на гістарычным скрыжаванні. Нам трэба зрабіць выбар. Калі мы выбіраем новую Беларусь - мы павінны падтрымаць Святлану Ціханоўскую», - кажа Вераніка Цапкала.
17:05 Вераніка Цапкала заклікала ўлады вызваліць палітычных і эканамічных зняволеных. Тысячы маладзечанцаў скандуюць «Свабоду!»
16:55 Выступ пачала жонка і прадстаўніца штаба bВалерыя Цапкалы Вераніка Цапкала: «Мы не перастаём захапляцца вамі, калі бачым, колькі людзей прыйшлі на нашу акцыю».
16:52 «Мы павінны браць адказнасць за сваю краіну для сябе. Ніхто за нас не зробіць», — Марыя Калеснікава заклікала людзей быць больш актыўнымі.
16:46 «Мы людзі, якія самі вызначаюць свой лёс. Усё пройдзе і застанецца толькі добрае», - Марыя Калеснікава зачытала ўрывак ліста Віктара Бабарыкі з СІЗА.
16:44 Марыя Калеснікава распавядае, як моцна яе натхніла, калі людзі выйшлі на вуліцы пасля затрымання Віктара Бабарыкі і адмовы ў ягонай рэгістрацыі: «Мы дойдзем да перамогі! Мы зможам!»
16:42 Як выглядае мітынг Светланы Ціханоўскай з трыбун. Відэа «Нашай Нівы».
16:41 Прадстаўніца штаба Віктара Бабарыкі Марыя Калеснікава - жыхарам Маладзечна: «Мы ганарымся вамі, бярэм з вас прыклад». Таксама яна нагадала пра гісторыю, калі на заводзе Маладзечна кавалак мыла ў прыбіральні прывязалі вяроўкай да крана.
16:38 «Адзін за ўсіх і ўсе за аднаго!», - людзі рэагуюць на словы Святланы Ціханоўскай аб тым, што ў яе ў сям'і заўсёды была вялікая падтрымка і яна хоча, каб такая ж падтрымка была і сярод беларусаў.
16:33 «Мы будуем новую краіну! Толькі ўсе разам мы можам усё пераадолець і перамагчы», - Святлана Ціханоўская заканчвае свой выступ.
16:29 Тысячы жыхароў Маладзечна скандуюць «Пераменаў!»
16:27 Святлана Ціханоўская — сілавікам: «Узгадайце, як раней людзі ганарыліся нашай міліцыяй. Выходзьце з бруду і становіцеся на бок святла»
16:22 У Маладзечне ўжо больш за 5000 на акцыі.
16:20 Частка людзей сабралася не толькі перад імправізаванай сцэнай, але і на трыбуне.
16:19 «Мілыя мае бабулі, не бойцеся. Не бойцеся за свае пенсіі. Гэтыя пенсіі плаціць вам не кіраўнік дзяржавы, а плацім усе мы. Яны не паменшацца», - звярнулася да пенсіянераў Святлана Ціханоўская.
Яна заклікала распавядаць аб пераменах сваім аднагодкам-суседзям, сябрам і блізкім.
16:13 Шэраг СМІ і Telegram-каналаў паведамляў пра тое, што ўлады загналі на мітынг калону бюджэтнікаў, якая павінна будзе сысці па сігнале падчас пачатку выступу Ціханоўскай. Святлана Ціханоўская звярнулася да гэтых людзей са словамі: «Дзякуй, што вы прыйшлі. Спадзяюся, што ваша меркаванне зменіцца!»
16:12 Кіламетровая чарга! Вядоўца жартуе, што сёння выступ будзе не толькі для стадыёна, але і для тых, хто знаходзіцца за яго межамі.
16:10 Прадстаўніцы аб'яднальнага штаба з'яўляюцца пад песню «Разбуры муры!» Вельмі цёплы прыём ад Маладзечна!
16:06 Вядоўца аб'яднанага штаба заявіў, што на акцыі ўжо амаль тры тысячы чалавек. Цалкам магчыма, людзей становіцца ўсё больш.
16:01 Людзі на стадыёне пляскаюць у ладкі сотням маладзечанцаў, якія стаяць у чарзе.
16:00 Жыхары Маладзечна проста малайцы! Здзіўляе колькасць людзей, якія выйшлі ў працоўны дзень.
15:55 Прадстаўнікі «сумленных людзей» заклікаюць людзей не галасаваць датэрмінова і змагацца за свае галасы.
15:51 Уражальная чарга да стадыёна. Тут, прынамсі, некалькі сотняў.
15:50 «Сваёй прысутнасцю мы выказваем меркаванне большасці. Лукашэнка сябе зжыў», - распавядае паджылы жыхар Маладзечна.
15:44 Вельмі шмат людзей у Маладзечне, нягледзячы на працоўны дзень.
15:36 «Хацелася б, каб гарады былі для людзей, а не для парадаў», - жыхар Маладзечна распавёў, якіх пераменаў ён чакае.
15:31 Сотні людзей на ўваходзе. Сёння відавочна будзе аншлаг!
15:30 На ўваходзе маладзечанцам раздаюць бел-чырвона-белыя сцягі. Сёння будзе шмат нацыянальнай сімволікі.
15:27 Некалькі сотняў людзей на падыходах да стадыёна. Маладзечна традыцыйна ўважаецца за надта палітызаваны горад. У 90-я «горадам сонца» кіраваў адзін з самых моцных спаборнікаў Лукашэнкі Генадзь Карпенка. Вельмі шмат людзей выходзіла і на акцыі супраць закона аб «дармаедах» у 2017 годзе.
15:25 Людзі пачалі збірацца загадзя. Вось столькі людзей было за паўгадзіны да пачатку акцыі.