BE RU EN

Еўрадэпутаты: Час уводзіць санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі

  • 6.07.2020, 21:10

Пад лістом у кіруючыя структуры ЕЗ падпісаўся 31 парламентарый.

Група дэпутатаў Еўрапейскага парламента накіравала афіцыйны ліст на імя прэзідэнта Еўракамісіі Урсулы фон дэр Ляен, прэзідэнта Рады ЕЗ Шарля Мішэля і Вярхоўнага прадстаўніка ЕЗ Жозепа Барэля. Заканадаўцы ўважаюць, што неабходна ўвесці санкцыі супраць беларускіх афіцыйных асоб, а таксама кампаній, уцягнутых у парушэнні правоў чалавека падчас прэзідэнцкай выбарчай кампаніі.

Узначальваюць спіс падпісантаў Карын Калсбара (Швецыя) і Пятрас Аўштравічус (Літва). Усяго ліст падтрымаў 31 дэпутат ад амаль усіх фракцый Еўрапарламента.

У распараджэнні рэдакцыі сайта Charter97.org маецца поўны тэкст ліста. Прыводзім яго пераклад:

«Нядаўна беларускі ўрад пад кіраўніцтвам Аляксандра Лукашэнкі жорстка абмежаваў дэмакратычныя правы ў краіне напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў, прызначаных на 9 жніўня. Ён зняволіў у турме кандыдатаў у прэзідэнты, прадстаўнікоў апазіцыі і простых грамадзян у перыяд правядзення мітынгаў у зборы подпісаў. Таксама былі шматлікія паведамленні пра арышты журналістаў і блогераў.

Гэтыя адвольныя арышты заслужана сталі прычынай для глабальнага асуджэння. Мы, ніжэйпадпісаныя, былі рады бачыць, што Еўрапейская служба замежных дзеянняў і Еўракамісія занялі цвёрдую пазіцыю да гэтай сітуацыі. Аднак, як і заўсёды, справы гавораць гучней, чым словы.

Гэтыя дзеянні больш важныя, чым калі-небудзь, бо мы набліжаемся да прэзідэнцкіх выбараў. Адсутнасць мер супрацьдзеяння пандэміі ў краіне паказала шырокім слаям насельніцтва некампетэнтнасць кіравання Лукашэнкі.

У 2016 годзе Рада ЕЗ прыняла рашэнне скасаваць санкцыі ў дачыненні да 170 фізічных асоб і трох кампаній у Беларусі. Улічваючы апошнія падзеі, нам неабходна перагледзець гэтае рашэнне. Таму мы заклікаем вас перагледзець і пашырыць спіс санкцый супраць беларускіх афіцыйных асоб і кампаній, уцягнутых у абмежаванне правоў чалавека і дэмакратычных правоў падчас гэтай выбарчай кампаніі.

У гэтым кантэксце мы таксама нагадваем пра важнасць так званага Акту Магніцкага на ўзроўні ЕЗ, што было выказана большасцю гэтага парламента ў рэзалюцыі ад 14 сакавіка 2019 года. Гэта было б вельмі важным інструментам у наборы інструментаў ЕЗ для таго, каб заняць лідарскую пазіцыю па абароне правоў чалавека. Мы настойліва заклікаем Камісію, Еўрапейскую служба знешніх дзеянняў і дзяржавы-сябры ЕЗ актывізаваць свае намаганні па найхутчэйшым завяршэнні стварэння такога рэжыму санкцый».

Апошнія навіны