BE RU EN

Журналістку «Белсата» шпіталізавалі пасля трох дзён на Акрэсціна

  • 14.08.2020, 21:54

Алену Дубовік збівала наглядчыца.

Журналістка «Белсата» Алена Дубовік была затрыманая ўвечары 10 жніўня каля Цэнтральнага РАУС. Яе затрымалі разам з іншай журналісткай, Таццянай Белашавай. Калегі паехалі высвятляць лёс аператара Віталя Дубіка. Іх затрымалі каля РАУС. Ва ўсіх былі камізэлькі «прэса», яны былі пазначаныя як журналісты. Але гэта не спыніла АМАП.

А потым... потым пачалося самае жорсткае.

- Мяне адразу пачалі біць. Была адна жанчына. У форме. Не ведаю, што за форма была, не памятаю. Яна была наглядчыцай. Усіх дзяўчат біла. Затым, 13 чысла, калі быў суд, я адмовілася падпісваць паперу аб тым, што мяне ўзялі каля гандлёвага цэнтра «Рыга». Мяне вывелі ў калідор, і гэтая жанчына зноў пачала мяне біць - каленам у жывот, - успамінае тыя страшныя дні Алена Дубовік.

Але журналістка не адступіла. Яе доўга ўгаворвалі, у выніку пратакол перапісалі - забралі каля РАУС. За што, чаму, навошта - гэта зусім не тыя пытанні, якімі задаецца Алена.

- Я ведаю, што пра гэту наглядчыцу шмат хто пісаў і распавядаў. Кажуць, што яе быццам бы клічуць Крысціна. Магчыма, іншае імя. Яна бландынка, з доўгімі валасамі, блізу 30 гадоў. Я вельмі хачу знайсці астатніх дзяўчат, якія пацярпелі ад рук і ног гэтай наглядчыцы. Мяне ўтрымлівалі ў ЦІП на другім паверсе, камера №9. Дзяўчынкі, адгукніцеся. Калі хтосьці ведае імя наглядчыцы, буду ўдзячная за падказку, - кажа Алена.

Цяпер Алену шпіталізавалі з падазрэннем на «разрыў яечніка». Алена і яе сваякі збіраюцца падаваць скаргі ва ўсе магчымыя органы, у тым ліку ў міжнародныя арганізацыі.

«Белсат» просіць усе журналісцкія арганізацыі, у тым ліку міжнародныя, падтрымаць Алену.

Апошнія навіны