Бацькі скардзяцца на «садок-прывід» пад Менскам
- 7.05.2021, 12:52
Месцы ёсць, а дзяцей не бяруць.
Дзіцячы садок у Хацежыне (Менскі раён) адкрылі пяць месяцаў таму. Цяпер там працуе 5 груп, а згодна з планам павінна быць 12. Бацькі хвалююцца, што да навучальнага года сад не адкрыецца цалкам праз недахоп выхавальнікаў (ходзяць такія размовы). Бацькі стварылі петыцыю і адправілі яе ў Менскі аблвыканкам. Rebenok.by стэлефанаваўся з адміністрацыяй.
Жыхары аграгарадкоў Хацежына і Старога Сяла занепакоеныя тым, што ў новым дзіцячым садку працуюць усяго пяць груп, хоць установа адкрылася ў снежні мінулага года. Бацькі звязваюць гэта з недахопам кадраў. Яны запусцілі петыцыю з просьбай патлумачыць, ці будзе працаваць садок з новага навучальнага года з поўнай загрузкай, колькі чалавек будзе прынята на працу ў сакавіку і красавіку і з якой прычыны садок усё яшчэ не функцыянуе цалкам.
- У нас у Хацежыне пражывае амаль 5000 чалавек, у суседнім Старым Сяле - блізу 1000. Тут, у Хацежыне, блізу 200 дзяцей чакаюць чаргі ў сад. Мы хвалюемся, што ўсіх не возьмуць. Мы ведаем, што ў садку не стае выхавальнікаў, і гэтае пытанне ніяк не развязваецца, - напісалі бацькі ў петыцыі. Іх турбуе, што з верасня групы не адкрыюцца і ім давядзецца вазіць дашкольнікаў у сталіцу, як і раней.
Як журналістам удалося высветліць, ні ва ўправе адукацыі Менскага раёна, ні ў сам дзіцячы садку званкоў ад занепакоеных бацькоў не паступала.
- Мы выдаем накіраванні ў дзіцячы сад, бацькі прыходзяць і забіраюць іх. А яшчэ на стале ў мяне ляжыць стос накіраванняў, па якія бацькі не спяшаюцца. Спяшацца і няма сэнсу - групы будуць фармавацца да канца лета, але вы наогул першыя, каго цікавіць гэтае пытанне аб Хацежыне, - адзначыла начальніца аддзела дашкольнай і агульнай сярэдняй адукацыі Менскага райвыканкама Алена Баранава.
Загадчыца садка ў Хацежыне Таццяна Луцкая на момант званка знаходзілася на бальнічным, але ўсё адно падрабязна адказала на пытанні. Кіраўніца распавяла, што сад разлічаны на 230 дзяцей, цяпер функцыянуе пяць груп, а шостая група знаходзіцца ў працэсе адкрыцця. Усе 12 груп цалкам запрацуюць да верасня 2021 года. З красавіка ідзе набор і камплектаванне груп, а таксама пошук выхавальнікаў.
- У нас выдатны дзіцячы садок, ёсць басейн, кампутарны клас, развіваючыя групы. Мы абзвоньваем усіх бацькоў, чые дзеці стаялі на чарзе ў нашу ўстанову адукацыі, просім прыйсці за накіраваннем, каб сфармаваць групы да верасня. У групах у нас блізу 20 чалавек, у некаторых нават менш, - адзначыла Таццяна Луцкая. - Магу сказаць, што многія мамы нават просяць нас пайсці насустрач і прыняць іх не з чэрвеня, напрыклад, а з верасня, бо яны хочуць адпачыць і «дагуляць» лета. У групах у нас да 20 чалавек, у некаторых нават менш.
Паралельна ідзе фармаванне педагагічнага калектыву.
- У нас будуць і маладыя спецыялісты - іх мы чакаем да жніўня-верасня, і дасведчаныя педагогі - яны перавядуцца да нас бліжэй да пачатку новага навучальнага года, бо не хочуць губляць адпачынак летам на працы, дзе яны цяпер замацаваныя. Да восені мы плануем цалкам укамплектаваць калектыў, - сказала прадстаўніца адміністрацыі саду.